Жыхароў Далёкага Усходу заклікалі выйсці на мітынгі ў жоўтых камізэльках
- 24.04.2019, 11:39
Акцыі супраць партыі Пуціна запланаваныя на 1 траўня.
На Далёкім Усходзе РФ у мэсэнджары распаўсюджваецца відэа з запрашэннямі выйсці на "дэманстрацыю жоўтых камізэлек" 1 траўня. Арганізатары акцыі заяўляюць, што збяруцца на вуліцах розных гарадоў Далёкага Усходу для таго, каб "выказаць недавер партыі ўлады і мясцовым чыноўнікам", паведамляе Радыё Свабода.
Аўтары і героі роліка прапануюць іншым жыхарам далёкаўсходніх рэгіёнаў далучыцца да першамайскай дэманстрацыі, надзеўшы жоўтыя камізэлькі, як гэта робяць удзельнікі з лістападаўскіх пратэстаў у Францыі. Са слоў актывіста Аляксея Пятрова з Петрапаўлаўска-Камчацкага, чыноўнікі спрабавалі перашкодзіць акцыі, забараніўшы прадаўцам аднаго з рынкаў гандляваць жоўтымі камізэлькамі.
У Петрапаўлаўску-Камчацкім 1 траўня актывісты таксама арганізуюць "адкрыты мікрафон" для ўсіх ахвотных выказацца з нагоды палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Расеі. Змантажаваны ролік з запісамі ўсіх выступаў пазней будзе выкладзены ў сеціва, паведаміў рэдакцыі "Сибирь.Реалии" Аляксей Пятроў.
Жыхары Магаданскай вобласці ў каментарах пад відэа таксама заявілі, што падтрымаюць акцыю "жоўтых камізэлек". Удзельнікі маюць намер далучыцца да ўжо ўзгодненага святочнага шэсця.
У студзені ў цэнтры Новасібірска адбыўся мітынг супраць падвышэння пенсійнага ўзросту, ПДВ і кошту бензіну, дзясяткі ўдзельнікаў якой выйшлі ў жоўтых камізэльках.
У лістападзе 2018 года ў Францыі пасля аб'явы аб падвышэнні падаткаў на паліва пачаліся мітынгі. Людзі ва ўсёй краіне на знак пратэсту надзелі святлоадбівальныя жоўтыя камізэлькі, адсюль і пайшла назва акцыі. Улады наклалі мараторый на пастанову аб падвышэнні падатку на паліва, аднак пратэсты працягваюцца пад больш шырокімі эканамічнымі і палітычнымі лозунгамі - аж да адстаўкі прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрон.