BE RU EN

Нетаньяху прапанаваў назваць новае паселішча на Галанскіх вышынях у гонар Трампа

  • 24.04.2019, 9:55

Рэзалюцыя паступіць ва ўрад Ізраіля пасля велікодных свят.

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў пра намер назваць новую суполку на Галанскіх вышынях у гонар прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пра гэта ён напісаў у сваім Twitter 23 красавіка, паведамляе gordonua.com.

«Я тут, на прыгожых Галанскіх вышынях. Усе ізраільцы былі глыбока кранутыя гістарычнай пастановай прэзідэнта Трампа прызнаць суверэнітэт Ізраіля над Галанскімі вышынямі. Таму пасля велікодных свят я маю намер падаць ураду рэзалюцыю, якая заклікае назваць новую суполку на Галанскіх вышынях у гонар прэзідэнта Дональда Трампа", - паведаміў ізраільскі прэм'ер.

21 сакавіка 2019 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў свет прызнаць суверэнітэт Ізраіля над Галанскімі вышынямі. 22 сакавіка Ліга арабскіх дзяржаў, Сірыя, Турцыя, Іран і Расейская Федэрацыя асудзілі ініцыятыву прэзідэнта ЗША. 25 сакавіка Трамп падпісаў пракламацыю аб прызнанні суверэнітэту Ізраіля над анэксаванай часткай Галанскіх вышынь.

У 1967 годзе ў выніку Шасцідзённай вайны з Егіптам, Сірыяй, Ярданіяй, Іракам і Алжырам Ізраіль разбіў большыя сілы супраціўніка і пашырыў свае тэрыторыі. Былі захопленыя Сінайская паўвыспа, сектар Газа, заходні бераг ракі Ярдан, Усходні Ерусалім і Галанскія вышыні, акрамя іх усходняй часткі.

Апошнія навіны