BE RU EN

Павел Севярынец: Ва Украіне вызначаецца лёс Беларусі ды ўсяго свету

  • 23.04.2019, 15:47

Беларусы з трывогай і надзеяй глядзяць на Украіну.

21 красавіка ва Украіне прайшоў другі тур выбараў прэзідэнта. Паводле яго вынікаў новым прэзідэнтам Украіны стаў Уладзімір Зяленскі.

Вынікі выбараў для сайта Charter97.org пракаментаваў адзін з лідараў аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец:

- Свае пачуцці пасля выбараў ва Украіне магу апісаць двума словамі: трывога і надзея. З аднаго боку трэба павіншаваць украінцаў з тым, што ў іх дэмакратычна прайшлі выбары. Нам, беларусам, да гэтага пакуль даволі далёка. Што тычыцца формы, працэдуры выбараў, то ўсё было зроблена прыгожа і па-еўрапейску.

Таксама прыемна, што ўчора тысячы людзей сабраліся і падзякавалі Пятру Парашэнку за ўсё тое, што ён зрабіў. Гэта таксама частка палітычнай культуры і гэта цудоўна.

Цяпер скажу пра іншы бок. Вядома, ва ўсіх выклікае трывогу, што чалавек без палітычнага досведу, якім з'яўляецца Уладзімір Зяленскі, стаў прэзідэнтам. Многія мяркуюць, што Парашэнка быў бы найлепшым праціўнікам для Пуціна, які ваюе з Украінай, але судзіць так было б недальнабачна. Ёсць крэдыт даверу да Зяленскага і тых новых форм і падыходаў, якія ён прэзентуе. Тут трэба спадзявацца і маліцца, каб Украіна выстаяла.

Раз украінцы так наважылі, гэта іх права і цяпер мяч на баку Уладзіміра Зяленскага. Для нас гэта вельмі важна, бо, магчыма, ва Украіне, якая супрацьстаіць расейскай агрэсіі, вызначаецца лёс Беларусі і ўсяго свету.

- Якой павінна быць палітыка новага прэзідэнта Украіны ў дачыненні да Беларусі?

- У першую чаргу я б параіў Уладзіміру Зяленскаму быць больш прынцыповым у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

За пяць гадоў прэзідэнцтве Парашэнкі мы разгледзелі ягоныя і плюсы, і мінусы. Магу сказаць, што ён ішоў на хаўрус з Лукашэнкам і, скажам, нячаста ўздымаў пытанне дэмакратыі, правоў чалавека ў Беларусі. Хоць, на мой погляд, ён мог бы шмат у чым паўплываць на Лукашэнку.

Беларускі дыктатар залежны ад Украіны і сітуацыі ва Украіне. Мне здаецца, калі Зяленскі будзе падымаць беларускія пытанні часцей, чым Парашэнка, то ён апраўдае давер і ўкраінцаў у тым ліку, які цяпер ускладзены на яго.

Адназначна, адзін з найважнейшых інтарэсаў Украіны - вольная і дэмакратычная Беларусь. Калі гэтага не здолеюць дасягнуць, то пагроза будзе навісаць над Украінай не толькі з Усходу і Поўдня, але яшчэ і з Поўначы. Украіна атрымаецца аточанай.

Падкрэслю, беларускі кірунак вельмі важны для Украіны. Ведаеце, для мяне паказчыкам будзе размова Зяленскага з Лукашэнкам. Спадзяюся, што новы прэзідэнт Украіны будзе прынцыпова падтрымліваць імкненне беларусаў да дэмакратыі і свабоды.

Апошнія навіны