BE RU EN

У Польшчы распачалася кампанія «Падзяліся ежай»

  • 22.04.2019, 14:23

У некаторых установах пастаўленыя так званыя «грамадскія лядоўні».

Валанцёры акцый Foodsharing і «Падзяліся ежай з валацугамі» заклікаюць дзяліцца ежай з тымі, хто ў ёй мае патрэбу. Гэты заклік асабліва актуальны ў святочныя дні, калі шмат ежы, прыгатаванай, напрыклад, да Вялікадня, можа застацца некранутай, паведамляе «Радыё Польшча».

Прапанову дзяліцца ежай можна публікаваць у сацыяльных сетках на старонках дабрачынных арганізацый, а валанцёры могуць прыехаць па прадукты самі, або перададуць спісы месцаў, у асноўным, сацыяльных сталовых, куды можна прывезці ежу. Акрамя таго, у некаторых установах пастаўленыя так званыя «грамадскія лядоўні». Ва ўсёй Польшчы такіх «грамадскіх халадзільнікаў» налічваецца больш за 40, у адной толькі Варшаве іх 13, і дзейнічаюць яны цягам усяго года. Першы «грамадскі халадзільнік» быў пастаўлены ў 2016 годзе на факультэце псіхалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.

Акцыі Foodsharing і «Падзяліся ежай з валацугамі» нацэлены як на карысць, хто мае патрэбу, так і супраць выкідання і псуты прадуктаў харчавання. Са справаздачы Федэрацыі польскіх банкаў харчавання вынікае, што ў Польшчы штогод псуецца амаль 9 мільёнаў тон ежы, што ў пераліку на аднаго жыхара дае паказчык, большы за 200 кілаграм.

Апошнія навіны