BE RU EN

Мазырскі НПЗ хоча выставіць Расеі рахунак за рамонт сапсаванага абсталявання

  • 22.04.2019, 14:21

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе дарагое абсталяванне сапсавалася ад няякаснай расейскай нафты.

Гэта пацвердзіў «Еўрарадыё» намеснік галоўнага інжынера Мазырскага НПЗ Дзмітрый Шурпач. Абсталяванне пакрылася карозіяй праз нафту з высокім утрыманнем хлору:

«Праз карозію абсталяванне сапсуецца. Прычына: нафта з падвышаным утрыманнем хлору. Гэты факт устаноўлены. Цяпер калі абсталяванне сапсуецца, мы яго тут жа аператыўна рамантуем і вядзём сталы жорсткі кантроль, каб пры першых прыкметах развязаць праблему і не дапусціць развіцця падзей у негатыўным ключы».

Аператыўны рамонт абсталявання ідзе за кошт Мазырскага НПЗ, і невядома, ці магчыма будзе прыцягнуць да адказнасці расейскіх пастаўшчыкоў нафты. Са слоў Дзмітрыя Шурпача, цяпер з гэтай сітуацыяй разбіраюцца юрысты:

«Не магу сказаць, за чый кошт будзе рамонт абсталявання, з гэтым цяпер разбіраюцца юрысты. Цяпер рамантуем самі, а вось за чый кошт у выніку будзе «бяседа» - гэта ўжо не да мяне. Цалкам магчыма, што можна будзе расейцам выставіць рахунак. Спадзяюся, над гэтым цяпер працуюць на дзяржаўным узроўні. Але такой інфармацыяй я не валодаю».

У апошнія некалькі дзён на завод паступае нафта гатунку Urals з высокім утрыманнем хлорарганікі. Гэта сыравіна валодае падвышанай каразійнай актыўнасцю, што і прывяло да паломкі абсталявання. Рабочыя дэмантавалі яго і пачалі рамонт.

Апошнія навіны