У Савеце Федэрацыі РФ знік інтэрнэт у дзень разгляду закона аб Рунэце
- 22.04.2019, 12:31
Праз гэта затрымалі пачатак пленарнага пасяджэння.
У Савеце Федэрацыі ў панядзелак адключылася электрычнасць, і знік інтэрнэт. Праз гэта затрымаўся пачатак пленарнага пасяджэння, на якім павінен быць разгледжаны законапраект аб "гарантаванні бяспечнага і ўстойлівага функцыянавання" інтэрнэту ў Расеі, больш вядомы як закон аб ізаляцыі Рунэту. Падачу электрычнасці аднавілі праз 10 хвілін, але ўзніклі збоі ў працы шэрагу сістэм, паведамляе "Радыё Свабода".
Як распавёў РІА «Новости» чалец Рады Федэрацыі Алег Марозаў, у зале пасяджэнняў не працавалі маніторы і мікрафоны, у большасці супрацоўнікаў апарата і парламентарыяў няма інтэрнэту.
Аўтары законапраекта прапаноўваюць стварыць тэхнічную магчымасць расейскаму сегменту сеткі працаваць аўтаномна ад астатняга інтэрнэту. Каардынаваць працу сістэмы павінен Раскамнагляд.
У Дзяржаўнай думе заяўляюць, што законапраект падрыхтаваны "з улікам агрэсіўнага характару прынятай у верасні 2018 года стратэгіі нацыянальнай кібербяспекі ЗША".
Крытыкі законапраекта асцерагаюцца, што аўтаномная сетка створыць магчымасці для татальнай цэнзуры ў інтэрнэце. У некалькіх гарадах Расеі прайшлі акцыі за свабоду інтэрнэту.