BE RU EN

Беларуска ў Варшаве: Я ніколі тут не сутыкалася з негатывам

  • 22.04.2019, 10:55

Як ураджэнка Віцебска ўладкавалася на працу ў Польшчы.

Напэўна, многія хоць бы аднойчы задумваліся аб тым, каб змяніць сваё месца жыхарства. Адны імкнуцца пераехаць у большы горад або ў сталіцу, а іншыя - мараць пра іншую краіну. Пакуль некаторыя думаюць, хтосьці робіць. Да прыкладу, жыхарка Віцебска, 30-гадовая Вольга паўгода таму надумала з'ехаць на працу ў Варшаву, піша «Віцебскі кур'ер».

Як удалося там уладкавацца, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца і ці гатовая маладая жанчына пражыць у Польшчы ўсё жыццё. Пра гэта журналісты і пагаварылі з Вольгай.

Пра пошукі працы

Вольга шукала працу ў Варшаве, яшчэ знаходзячыся ў Беларусі. Паводле ейных слоў, гэта нескладана, галоўнае зарэгістравацца на сайтах вакансій, пісьменна скласці рэзюмэ і разаслаць патэнцыйным працадаўцам. Можна, вядома, паспрабаваць шукаць працу праз агенцтва, але, як правіла, там дапамагаюць працаўладкавацца на працоўныя спецыяльнасці, напрыклад, у сферы будаўніцтва, а Вольга шукаў варыянты ў турбізнэсе.

- У выніку, калі я ехала туды, у мяне было некалькі варыянтаў працы - мяне запрасілі на гутаркі. Да таго ж я магла не перажываць, што трэба хутка працаўладкавацца - дзякуючы шэнгенскай візе я магла знаходзіцца ў Польшчы некаторы час, - адзначыла Вольга.

Асноўная цяжкасць - працадаўца павінен захацець узяць на працу беларуса і аформіць яму ўсе патрэбныя дакументы - кароткатэрміновую працоўную дамову і запрашэнне на працу на паўгода (oświadczenie), каб спецыяліст мог атрымаць працоўную візу.

- Я паспяхова прайшла не адну гутарку, і многія патэнцыйныя працадаўцы казалі пра тое, што гатовыя мяне ўзяць, але ленаваліся займацца афармленнем дакументаў. Яны самі прызнаваліся, што беларусы добрыя работнікі, што іх усё задавальняе, але шкада марнаваць час на папяровую валакіту, - успомніла Вольга.

У выніку віцяблянка ўладкавалася на працу ў турыстычную фірму, якая адпраўляе палякаў у туры на Балканы, у Расею (Масква і Санкт-Пецярбург), краіны Балтыі ды іншыя.

Палякі едуць у Беларусь

- Напрыклад, на травеньскія святы ад нашай фірмы ў Беларусь едуць тры аўтобусы. Часцей за ўсё палякі выбіраюць «заходні» тур (Гародня-Навагрудак-Васілішкі), але і «усходні» (Віцебск-Полацк-Менск) таксама запатрабаваны. Паездка разлічаная на 5 дзён. У кошт уваходзіць праезд у аўтобусе, начлег у двухасабовым нумары ў мясцовых гатэлях, суправаджэнне, страхоўка, віза і гід па прыбыцці. Дадаткова патрэбныя грошы, каб аплаціць уваходныя квіткі ў мясцовыя музеі і на харчаванне, - распавяла віцяблянка.

Пра арэнду кватэры

У Варшаве Вольга здымае пакой. Паводле ейных слоў, гэта абсалютна нармальная практыка, калі, напрыклад, людзі крыху старэйшыя за 30 здымаюць кватэру на дваіх ці траіх. Гэта і зручней і танней.

Для параўнання аднапакаёвая кватэра на месяц каштуе не менш за 1600-1700 злотых, прычым, гэта жыллё з вельмі маленькай плошчай - 25-30 квадратных метраў.

За свой жа пакой маладая жанчына плаціць 900 злотых (прыкладна 450 беларускіх рублёў). Жыве яна ў трохпакаёвай кватэры, а яе суседзі - дзяўчаты з Польшчы і Украіны.

Пра беларусаў у Польшчы

- Можа, мне пашанцавала, але я ніколі тут не сутыкалася з негатывам. Ніхто ні разу не сказаў мне, маўляў, чаго ты сюды прыехала, адпраўляйся дадому. Зрэшты, многія палякі практычна нічога не ведаюць пра Беларусь, хіба што чулі пра Гародню і Берасце. Як мне падалося, палякі больш сканцэнтраваныя на сваім унутраным жыцці, чым на тым, што адбываецца ў суседніх дзяржавах, - заўважыла Вольга.

Цікава, што калі адзначаўся міжнародны дзень роднай мовы, кафедра беларусістыкі ў Варшаве праводзіла дыктоўку на беларускай мове для ўсіх ахвотных. Праўда, людзей было няшмат - усяго 18 чалавек. Але, магчыма, некаторыя проста ў гэты час маглі працаваць.

Вядома, першы час у Варшаве было няпроста. Псіхалагічна цяжка ўсведамляць, што ў чужой краіне ты адна, няма да каго звярнуцца па дапамогу, паплакацца ў камізэльку. Але, з іншага боку, і часу не было сесці і пашкадаваць сябе - трэба было развязваць шмат пытанняў: з жыллём, працай, рахункам у банку, дакументамі, - распавяла Вольга.

Віцяблянка прызналася, што пакуль не вызначылася, ці гатовая пражыць у Польшчы ўсё жыццё. Але пры гэтым адзначыла, што, нягледзячы на ўсе складанасці, ёй у Варшаве падабаецца.

Апошнія навіны