BE RU EN

Менск звярнуўся да Масквы з новай просьбай праз нізкую якасць нафты

  • 21.04.2019, 17:24

Беларускія ўлады папрасілі «Транснафту» павялічыць прапампоўванне нафты па паўночнай галінцы нафтаправода «Дружба».

Генеральны дырэктар ААТ «Нафтан» Аляксандр Дзямідаў заявіў аб тым, што Менск накіраваў зварот у «Транснафту» з просьбай павялічыць прапампоўванне па нафтаправодзе Сургут - Полацк, паведамляе агенцтва «РИА Новости». З ягоных слоў, тэхнічныя магчымасці для гэтага ёсць, а сам трубаправод цяпер працуе толькі на 10% ад сваёй загрузкі.

Дзямідаў патлумачыў гэтую просьбу тым, што на паўднёвай галінцы нафтаправода «Дружба» было зафіксавана паступленне няякаснай нафты. Пры гэтым у «Нафтана» (у адрозненне ад Мазырскага НПЗ) ёсць магчымасць атрымліваць нафту з абодвух галінак.

У сваю чаргу, генеральны дырэктар прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба» Алег Барысенка адзначыў, што ўтрыманне хларыдаў у нафце, што паступае з Расеі, перавышае норму ў 17 разоў, аднак пакрысе якасць паляпшаецца, паведамляе агенцтва БелТА.

Адначасова намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Сізаў распавёў пра часовае абмежаванне экспартных паставак нафтапрадуктаў з Беларусі за мяжу. «З улікам правядзення пасяўной кампаніі, неабходнасці забеспячэння ўнутранага рынку, наяўных рызык перапрацоўкі сыравіны з пагаршэннем якасці намі прынятая пастанова аб часовым абмежаванні паставак нафтапрадуктаў у экспартных напрамках», - сказаў ён.

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што, паводле інфармацыі расейскага боку, сітуацыя з якасцю нафты павінна паляпшацца кожны дзень. З ягоных слоў, 23 красавіка прадстаўнікі беларускіх НПЗ адправяцца ў «Транснафту» для абмеркавання сітуацыі.

Апошнія навіны