BE RU EN

СБУ: Пра мінаванне «Суспильного» падчас дэбатаў паведамлялі праз тэлефон з Расеі

  • 20.04.2019, 13:52

На тэлеканал прыходзіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, які балатуецца на другі тэрмін.

Інфармацыя пра падрыхтоўку тэракту ў студыі «Суспильного», дзе 19 красавіка павінны былі адбыцца дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Украіны, паступіла з Расеі. Пра гэта УНН паведаміла прэс-сакратарка Службы бяспекі Украіны Алена Гітлянская.

«Былі званкі з паведамленнямі пра замінаванне не толькі «Суспильного», але і «Алімпійскага». Паводле нашых папярэдніх звестак, гэта званкі з Расеі, таму мы расцэньваем гэта больш як спробы сарваць дэбаты», - сказала яна.

Гітлянская адзначыла, што эвакуацыя людзей з аб'ектаў не праводзілася.

31 сакавіка адбыўся першы тур выбараў прэзідэнта Украіны. Паводле афіцыйных звестак ЦВК, за шоўмэна Уладзіміра Зяленскага прагаласавалі 30,24% выбарцаў, за дзейнага кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнку - 15,95%. Яны праходзяць у другі тур выбараў, які адбудзецца 21 красавіка.

19 красавіка прайшлі дэбаты Зяленскага з Парашэнкам на стадыёне «Алімпійскі» Кіева. Падчас дэбатаў на НСК «Алімпійскі» Парашэнка звярнуўся да Зяленскага, прапанаваўшы таму таксама адправіцца на Грамадскую. Зяленскі яму не адказаў і на дэбаты не з'явіўся. У студыі выступаў толькі Парашэнка.

Вядучая дэбатаў на Грамадскай Міраслава Барчук пасля з'яўлення ў студыі Парашэнкі папярэдзіла яго пра магчымы тэракт. Прэзідэнт вырашыў застацца. Пазней Барчук паведаміла, што інфармацыя пра тэракт паступіла на гарачую лінію МУС «102».

Апошнія навіны