BE RU EN

МАЗы феерычна вырваліся наперад на «мараканскім Дакары»

  • 19.04.2019, 18:39

Беларускія экіпажы занялі першыя месцы на шостым этапе ралі-рэйду Morocco Desert Challenge.

Аляксей Вішнеўскі стаў пераможцам заезду, а Сяргей Вязовіч павялічыў адрыў ад канкурэнтаў у агульным заліку, распавялі belmir.by на Менскім аўтазаводзе.

Шосты ралі-заезд уключаў 324 «баявыя» кіламетры. Гоншчыкі пераадолелі пяскі, выдмы і каньёны. Яшчэ да пачатку этапу беларусы прынялі рашэнне фарсіраваць тэмп у пясках, і тактыка спрацавала: «чырвоныя зубры» пераадолелі спецучастак без паломак і пакінулі далёка ззаду спаборнікаў.

Самым хуткім на этапе быў Аляксей Вішнеўскі, які пераадолеў маршрут за 4 гадзіны 50 хвілін. На дзве хвіліны больш правёў на трасе капотны «МАЗ», якім кіруе Сяргей Вязовіч. На трэцім месцы фінішаваў Петэр Верслёйс з 15-хвілінным адставаннем.

У генеральнай класіфікацыі лідзіруе Сяргей Вязовіч. Капотны «МАЗ» ідзе з 30-хвілінным адрывам ад найбліжэйшага пераследніка - галандца Раланда Фаермана на грузавіку MAN. У першую пяцёрку ўвайшоў і Аляксей Вішнеўскі, якога ад лепшага часу аддзяляе 45 хвілін.

«Ехалі з усіх сіл у максімальна магчымым тэмпе. Месцамі памыляліся ў навігацыі, бо былі наперадзе ўсіх. У нейкі момант нас дагнаў экіпаж Аляксея Вішнеўскага, і мы практычна адзін за адным дабраліся да фінішу», - распавёў кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч.

Сёмы дзень абяцае быць адным з самых напружаных. Працягласць спецучастка перавысіць 400 км, прычым большая яго частка пройдзе па месцах з вялізнымі выдмалі. Затым гоншчыкаў сустрэнуць хуткасныя трасы, але і на іх будзе мноства перашкод.

Апошнія навіны