BE RU EN

Спецдакладчык ААН зладзіў неафіцыйны візіт у Беларусь

  • 18.04.2019, 19:16

З 16 да 18 красавіка ў Беларусі знаходзіўся спецдакладчык ААН у сітуацыі з праваабаронцамі Мішэль Форст.

Паездка адбылася па запрашэнні грамадскіх арганізацый «Беларускі Хельсінкскі камітэт», «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і «Прававая ініцыятыва». Акрамя сустрэч з праваабаронцамі Мішэль Форст сустракаўся з адвакатамі, журналістамі, а таксама чыноўнікамі - прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі і МЗС.

Як паведаміў Форст БелаПАН, сёлета ён плануе падрыхтаваць тэматычны даклад па праблеме беспакаранасці злачынстваў, учыненых у дачыненні да праваабаронцаў. Спецдакладчык растлумачыў, што ў сферу ўвагі яго мандата, акрамя праваабаронцаў, трапляюць «усе тыя, хто якім-небудзь чынам абараняе правы чалавека», у тым ліку журналісты.

Інфармацыю для дакладу Форст збірае да 1 чэрвеня. Ён пакуль не ведае, ці будзе ў гэтым дакладзе згаданая Беларусь - усё залежыць ад таго, якія звесткі афіцыйна паступяць у яго офіс дагэтуль з Беларусі.

Форст таксама адзначыў, што беларускія ўлады пакуль афіцыйна не запрашалі яго наведаць краіну. «Практыка ААН такая, што спецдакладчык адзін раз звяртаецца з афіцыйным лістом з просьбай дазволіць візіт у краіну (такі зварот з боку Форст быў – Заўв. БелаПАН), а потым пры кожным зручным выпадку, часта вусна, я цікаўлюся, як там маё запрашэнне», - распавёў Форст.

Пры гэтым ён падкрэсліў: пры наяўнасці спецыяльнага краінавага дакладчыка (спецдакладчыкам ААН у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з'яўляецца Анаіс Марын) прыярытэтам з'яўляецца запрашэнне менавіта яго. «Малаверагодна, што нават калі б мы атрымалі запрашэнне (ад уладаў. - Заўв. БелаПАН), мы б пагадзіліся афіцыйна прыехаць, пакуль у Беларусь не пусцяць краінавага спецдакладчыка», - дадаў Форст.

Што тычыцца цяперашняй паездкі ў Беларусь, то, як заўважыў спецдакладчык, ён самастойна арганізоўваў свае сустрэчы, дамаўляўся з асобнымі людзьмі і асацыяцыямі. «Усе гэтыя сустрэчы адкрыты, я іх не хаваю. Чаго б я хацеў менш за ўсё - каб мяне абвінавацілі ў тым, што, прыехаўшы сюды неафіцыйна, я ўпотай з кімсьці сустракаюся», - сказаў Форст.

Апошнія навіны