BE RU EN

Санкцыі могуць «замарозіць» карткі траціны кліентаў расейскіх банкаў

  • 18.04.2019, 11:45

Калапс накрые амаль палову фінансавага сектара РФ.

Кожны трэці кліент расейскіх банкаў можа пазбавіцца магчымасці карыстацца сваімі карткамі і рабіць закупы онлайн. У Цэнтрабанку і Нацыянальнай сістэме аплатных картак (НСАК) убачылі рызыкі, звязаныя са збоямі ў сістэме аплат, пасля замарозкі аперацый з «пластыкам», які патрапіў пад амерыканскія санкцыі Еўрафінанс Маснарбанка, паведаміў «Известиям» топ-мэнэджар НСАК (на 100% належыць ЦБ), піша finanz.ru.

Калі заўтра ЗША ўвядуць санкцыі супраць усёй расейскай фінансавай сістэмы, то калапс, які адбыўся з Еўрафінанс Маснарбанк, накрые ўжо амаль палову-галіны, асцерагаецца топ-мэнэджар. Кліенты Еўрафінанс Маснарбанка страцілі магчымасць карыстацца сваімі карткамі Visa і Mastercard пасля таго, як Мінфін ЗША ўключыў банк у чорны спіс праз яго сувязі з Каракасам (50% банка належыць нафтагазавай венесуэльскай дзяржкампаніі PDVSA).

У НСАК звязалі сітуацыю з адключэннем Еўрафінанс Маснарбанка ад сэрвісаў працэсінгавага цэнтра «КартСтандарт», які забяспечваў яму апрацоўку плацяжоў з карткамі. Арганізацыя ўваходзіць у групу «Цэнтр фінансавых тэхналогій» (ЦФТ), яе бенефіцыяры не раскрываюцца. Палова яе капіталу належыць амерыканскаму фонду, ведае крыніца ў НСАК.

Блізу паловы расейскага рынка працэсінгу належыць кампаніям, афіляваным з амерыканскімі карпарацыямі, кажа кіраўнік Нацыянальнай аплатнай рады Алма Абаева. Прыкладна 30% расейскай банкаўскай сістэмы завязаная на працэсінг такіх арганізацый, астатнія альбо апрацоўваюць плацяжы самастойна, альбо карыстаюцца паслугамі айчынных кампаній.

Цэнтрабанк і НСАК плануюць рэкамендаваць расейскім банкам пераходзіць на айчыннае праграмнае забеспячэнне, аднак сярод айчынных фінансавых арганізацый няма ніводнай, якая б абсалютна не залежала ад заходняга праграмнага забеспячэння, кажа крыніца ў расейскім банку з топ-30. Поўнае імпартазамяшчэнне на сённяшні дзень немагчыма ні тэхнічна, ні фінансава, таму даводзіцца працаваць «з заплюшчанымі вачымі», кажа ён.

Апошнія навіны