BE RU EN

Аўтобус з нямецкімі турыстамі зляцеў з серпанціну на Мадэйры: 29 чалавек загінулі

  • 18.04.2019, 9:34

Яшчэ 27 пасажыраў параненыя.

У выніку ДТЗ на партугальскай выспе Мадэйра ў сераду, 17 красавіка, загінулі 29 чалавек. Паводле заявы прэзідэнта Партугаліі Марселу Рэбел дэ Соўза, ўсе загінулыя турысты – грамадзяне Нямеччыны, паведамляе dw.com.

Супрацоўнікі нямецкай амбасады ў Лісабоне падтрымліваюць сувязь з мясцовымі ўладамі. У МЗС ФРГ створаны аператыўны крызісны штаб.

Са звестак мясцовых выратавальных службаў, аварыя адбылася ў сераду прыкладна а 18.30 мясцовага часу (20.30 менскага) у мястэчку Каніс, размешчаным на ўсход ад адміністрацыйнага цэнтра выспы Фуншал. Аўтобус, які перавозіў блізу 50 турыстаў, страціў кіраванне на павароце, з'ехаў з дарогі і ўпаў на дах жылога дома. Як паведаміў мэр Каніс Фэліпэ Соўза партугальскаму тэлеканалу RTP3, на месцы трагедыі загінулі 11 мужчын і 17 жанчын. Яшчэ адна жанчына памерла ад траўмаў у клініцы. Са звестак мясцовых СМІ, усе загінулыя былі ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў.

Як паведаміла партугальскае агенцтва Lusa, не менш за 27 чалавек атрымалі траўмы. Яны дастаўленыя ў навакольныя лякарні.

У сувязі з трагедыяй ўлады выспы абвясцілі трохдзённую жалобу, якая будзе дзейнічаць з чацвярга, 18 красавіка, па суботу, 20 красавіка.

Апошнія навіны