BE RU EN

Іванка Трамп: Я адхіліла прапанову бацькі стаць кіраўніцай Сусветнага банка

  • 18.04.2019, 9:06

Прапанова аб новай пасадзе прагучала ў форме пытання.

На мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп распавёў выданню Atlantic, што спытаў сваю дачку, ці не хоча яна заняць самую высокую пасаду ў Сусветным банку, «бо яна вельмі добра разбіраецца ў лічбах», паведамляе ВВС.

І вось цяпер ужо Іванка распавяла пра гэты эпізод. Паводле ейных слоў, у адказ на гэтую прапанову, яна сказала бацьку, што цалкам шчаслівая на сваёй пасадзе дарадчыцы Белага дома.

У выніку Дональд Трамп усё ж прыняў удзел у выбары кандыдатуры новага прэзідэнта Сусветнага банка: ім стаў амерыканскі эканаміст Дэвід Малпас.

За Злучанымі Штатамі даўно замацавана неафіцыйнае права выбіраць кіраўніка Сусветнага банка.

Выступаючы перад журналістамі падчас візіту ў Кот-д'Івуар, Іванка сказала, што прапанова аб працы «прагучала ў форме пытання», але яна ад гэтай прапановы адмовілася.

Паводле ейных слоў, Дэвід Малпас выдатна справіцца з гэтай працай.

На пытанне, ці не прапаноўваў ёй прэзідэнт яшчэ нейкія прывабныя пасады, яна заявіла: «Няхай гэта застанецца паміж намі».

Між тым сам Дональд Трамп у інтэрв'ю на мінулым тыдні прызнаваўся, што падумваў адразу аб некалькіх пасадах для сваёй дачкі, уключаючы амбасадара ў ААН, бо, з ягоных слоў, яна - прыроджаны дыпламат.

Аднак яго адгаварылі ад вылучэння дачкі на гэтую пасаду. «Скажуць - гэта непатызм, хоць гэта б не мела нічога агульнага з непатызмам», - растлумачыў прэзідэнт Трамп.

Іванка Трамп цяпер здзяйсняе турнэ па краінах Афрыкі, прапагандуючы «Глабальную ініцыятыву развіцця і працвітання жанчын» (W-GDP) - праграму амерыканскага ўрада, закліканую пашырыць працоўную занятасць сярод жанчын.

Запуск гэтай ініцыятывы адбыўся ў лютым і супаў па часе з прапановай Трампа скараціць памеры замежнай дапамогі і забараніць амерыканскую дапамогу медыцынскім арганізацыям, якія прапагандуюць ці выконваюць аборты.

Апошнія навіны