BE RU EN

Як дзеянні польскіх уладаў балюча б'юць па «бацвінні» беларускіх ідэолагаў

  • 17.04.2019, 15:07

Добрая навіна прыйшла кагадзе з Польшчы.

З 1 ліпеня гэтага года ўсе польскія дзеці і моладзь ва ўзросце да 18-ці гадоў будуць мець права на атрыманне на месяц 500 злотых - больш за 100 еўраў.

Гэту навіну польскі ўрад увёў у рамках адмысловай праграмы «Сям'я 500+», якая стартавала яшчэ ў красавіку 2016 года. Бацькі - удзельнікі праграмы могуць разлічваць на дапамогу 500 злотых, якая выплачваецца штомесяц на другога і кожнае наступнае дзіця, піша «Салiдарнасць».

Пры гэтым сума дапамогі не залежыць ад штомесячнага даходу, які атрымлівае сям'я.

Выплаты ж на першае або на адзінае дзіця сям'я магла атрымаць, калі яе даход не перавышаў 800 злотых за месяц на чалавека. Калі ў сям'і было дзіця з абмежаванымі магчымасцямі, указаны ліміт складаў 1200 злотых. Цяпер жа сем'і, дзе толькі адно дзіця, будуць атрымліваць дапамогу незалежна ад сумы свайго даходу.

Пасля ўнесеных змяненняў бенефіцыярамі праграмы «Сям'я 500+» стануць амаль 7 мільёнаў дзяцей, а выдаткі з дзяржаўнага бюджэту ўзрастуць на 9,5 мільярда злотых. Дарэчы, праграмай могуць скарыстацца не толькі грамадзяне Польшчы, але замежнікі, якія пражываюць у краіне і адпавядаюць неабходным умовам.

Чальцы ўрада кажуць, што гэты крок накіраваны на паляпшэнне агульнай дэмаграфічнай і эканамічнай сітуацыі. Паводле слоў прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага, пашырэнне праграмы «Сям'я 500+» - адказ на рызыку паслаблення росту ВУП.

- Гэта павінна служыць паляпшэнню дэмаграфіі Польшчы, каб была моладзь, якая пазней будзе працаваць і на нашу пенсію, і на эканамічнае развіццё ўсёй краіны, - падкрэсліў ён.

Міністр сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Эльжбета Рафальска дадала, што праграма «Сям'я 500+» ужо ўплывае на дэмаграфію:

- Паказчык нараджэння дзяцей - 1,45 - самы высокі з 1997 года.

Дзеянні польскага ўрада балюча б'юць па прапагандысцкім бацвінні беларускіх ідэолагаў, якія з дня ў дзень бубняць аб тым, што Беларусь - ледзь не адзіная краіна ў свеце, дзе дзяржава клапоціцца пра дзяцей на «ўсю катушку».

Здаровы прыклад палякаў, нашых найбліжэйшых суседзяў, паказвае, што нават пад бокам у нас ёсць краіны, дзе гэтая «катушка» значна большая.

Апошнія навіны