BE RU EN

Больш як палова менскіх аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў падлягае спісанню

  • 17.04.2019, 11:18

Апошні раз абнаўленне наземнага транспарту ў сталіцы было больш за дзесяць гадоў таму.

Больш як палова рухомага складу ў Менску падлягае спісанню. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара ГП «Мінсктранс» Алег Дзюбенка, паведамляе tut.by.

Сярэдні век тралейбусаў і аўтобусаў у Менску - 9,5 гадоў (пры тэрміне службы - 10 гадоў). Сярэдні век трамваяў - 11 гадоў (пры тэрміне службы 15). Гэта значыць, грамадскі транспарт падыходзіць да тэрміну спісання.

- Але па вонкавым выглядзе ніхто не скажа, што гэты транспарт заўтра спісваюць, бо тэхнічныя службы ўтрымліваюць яго ў нармальным стане.

Са слоў Алега Дзюбенкі, транспарт, які спісваюць у Менску, часта купляюць іншыя краіны, напрыклад, Украіна.

Да Еўрапейскіх гульняў у Менску мае дадацца 328 аўтобусаў і 60 электробусаў. Частку з іх горад ужо атрымаў.

Што да тралейбусаў, стан якіх асабліва крытыкавалі кіроўцы грамадскага транспарту, іх таксама ладзяцца абнаўляць.

- Разглядаецца пытанне аб набыцці сёлета тралейбусаў. Калі фінансаванне дазволіць, гэта будзе ад 20 да 30 тралейбусаў, - расказаў Алег Дзюбенка.

Усе новыя тралейбусы будуць на аўтаномным ходзе - каб яны маглі аб'язджаць месцы затораў.

Апошні раз масавае абнаўленне наземнага транспарту было больш за дзесяць гадоў таму - яшчэ за старшынём Менскага гарвыканкама Міхаілам Паўлавым. Тады сярэдні век тэхнікі зменшыўся да 3-4 гадоў. Пасля гэтага фінансаванне скарацілі, што і прычынілася да старэння рухомага складу.

Апошнія навіны