BE RU EN

«Газпрам» нарасціў транзіт праз Украіну праз рамонт газаправода, які праходзіць праз Беларусь

  • 16.04.2019, 21:27

Рамонтныя работы праводзіліся на газаправодзе Ямал - Еўропа з Расеі праз Беларусь у ЕЗ.

З пачатку да сярэдзіны красавіка «Газпрам» праводзіў планавыя рамонтныя работы на газаправодзе Ямал - Еўропа, па якім газ ідзе ў ЕЗ праз Беларусь. На гэты перыяд былі павялічаны пастаўкі праз ГТС Украіны, вынікае з матэрыялаў кампаніі, паведамляе РБК.

Рамонтныя работы праводзіліся кампаніямі, што эксплуатуюць газаправод - EuRoPol Gaz S.A. на тэрыторыі Польшчы і GASCADE на тэрыторыі Нямеччыны з 4 да 11 красавіка і з 4 да 13 красавіка адпаведна, адзначаецца ў матэрыялах. У сувязі з рамонтнымі работамі пастаўкі газу ў кірунку з Беларусі ў ЕЗ скараціліся прыкладна на 40 млн куб. м у дзень (-36,9%) у параўнанні з пастаўкамі на перыяд да рамонту. Пастаўкі газу на Украіну выраслі з 266,3 куб. м у дзень (на 3 красавіка) да 300 куб. м (на 14 красавіка), вынікае з статыстыкі «Газпрама».

З заканчэннем планавага рамонту пастаўкі газу ў кірунку з Беларусі ў ЕЗ увайшлі ў ранейшы рэжым, сведчаць матэрыялы кампаніі.

У аўторак кіраўнік «Нафтагаза Украіны» Андрэй Кобалеў на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў, што за апошні тыдзень «Газпрам» рэзка павялічыў аб'ёмы транспарціроўкі газу ў Еўропу па ўкраінскім маршруце, удакладніўшы, што прычынай сталі рамонтныя работы на газаправодзе Ямал – Еўропа, які праходзіць праз Беларусь.

Пры гэтым Кобалеў патлумачыў рост транзіту газу праз Украіну на перыяд планавых рамонтных работ на газаправодзе Ямал – Еўропа «надзейнасцю і якаснай працай украінскай ГТС». «Гэта яшчэ раз даказвае: будаўніцтва «Газпрамам» маршрутаў і плыняў у абыход не мае пад сабой ніякага тэхнічнага і эканамічнага абгрунтавання, сапраўдныя матывы дзеянняў расейцаў ляжаць выключна ў палітычнай плоскасці», - упэўнены Кобалеў.

Раней улады Украіны называлі праект «Паўночная плынь-2» (з Расеі ў Нямеччыну праз Балтыйскае мора) геапалітычным праектам Крамля, які пагражае еўрапейскай энэргетычнай і геапалітычнай бяспецы.

Апошнія навіны