BE RU EN

Рассельгаснагляд папрасіў ФСБ спыніць ілжывы транзіт беларускіх тавараў

  • 13.04.2019, 12:19

28 беларускіх кампаній займаліся шэрымі пастаўкамі жывёлагадоўчай прадукцыі.

Паводле дакументаў тавары адпраўлялі транзітам у Казахстан і Кыргызстан, аднак па факце яны заставаліся ў Расеі, паведаміла журналістам афіцыйная прадстаўніца Рассельгаснагляду Юлія Мелана, паведамляе РБК.

Спецыялісты службы прааналізавалі транзітныя пастаўкі з Беларусі праз Расею ў Казахстан і Кыргызстан. Увагу прыцягнула хуткасць - кампаніі паспявалі адвесці прадукцыю ў Алматы і Бішкек за 2-5 дзён і вярнуць свой транспарт назад у Беларусь.

Адзін са складоў з такімі таварамі знайшлі ў Санкт-Пецярбургу. Там выявілі 131 т малочнай прадукцыі, якая павінна была перапраўляцца ў Кыргызстан.

У якасці пасярэднікаў-адпраўнікаў працавалі 28 беларускіх кампаній, уключаючы ТАА «Танкверт». «Цалкам відавочна, што заснавальнікі кампаніі не выпадкова далі імя арганізацыі, сугучнае з прозвішчам кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта», - заявілі ў службе.

Пасля таго як улады Казахстана і Кыргызстана не пацвердзілі факты дастаўкі тавараў, кампаніі-пасярэднікі спынілі замежнаэканамічную дзейнасць, аднак некаторыя з іх заснавалі новыя юрыдычныя асобы і сталі зноў пастаўляць прадукцыю «фантомным» атрымальнікам.

Дзевяць прадпрыемстваў-вытворцаў пачалі выкарыстоўваць шэрую схему наўпроставых паставак, без удзелу пасярэднікаў, адзначылі ў Рассельгаснаглядзе. Каб спыніць такія пастаўкі і незаконную дзейнасць транспартных кампаній, Рассельгаснагляд звярнуўся ў ФСБ і Мінтранс.

Апошнія навіны