BE RU EN

11-класнік з Ліды даказаў зліў адказаў на алімпіядзе ў геаграфіі

  • 11.04.2019, 20:08

Вынікі анулююць, ацэнку дасць пракуратура.

Міністэрства адукацыі звярнулася ў Генпракуратуру з нагоды парушэнняў у правядзенні алімпіяды ў геаграфіі, паведамілі ва ўстанове.

У міністэрстве tut.by сказалі, што парушэнні, пра якія апавёў на партале адзінаццацікласнік з Ліды Ігнат Іллюшонак, пацвердзіліся.

Нагадаем, школьнік шэсць гадоў удзельнічае ў алімпіядах у геаграфіі і кажа, што не раз заўважаў: некаторыя ўдзельнікі ведаюць адказы прадметнага спаборніцтва яшчэ да ягонага пачатку. Сёлета, запэўнівае Ігнат, лісты з заданнямі на заключны, чацвёрты этап трапілі да яго за некалькі тыдняў да алімпіяды. «Калі я іх бачыў, то і іншыя таксама маглі ўбачыць». Пра выцечку ён паведаміў у Мінадукацыі і партал tut.by – хлопец даслаў заданні ў дзень пачатку алімпіяды, некаторыя з іх былі адпраўленыя нам у рэдакцыю раней, чым іх атрымалі ўдзельнікі.

Міністэрства адукацыі запатрабавала ад установаў адукацыі і ўправаў адукацыі звольніць датычных да выцечкі асобаў. Установа таксама звярнулася ў Генпракуратуру з просьбай даць ацэнку іхнім дзеянням.

– Вынікі школьнікаў, у дачыненні да якіх вызначаныя факты доступу да алімпіядных заданняў, ануляваныя. Журы перагледзіць спіс пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, – запэўнілі ў Мінадукацыі.

Апошнія навіны