BE RU EN

Леў Марголін: Чыноўнікі не могуць паўплываць на законы эканомікі

  • 27.03.2019, 19:35

Эканаміст расказаў, чаму кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі не паўплывае на рост коштаў.

Беларускі кіраўнік даў даручэнне Наталлі Качанавай тэрмінова ўзяць пад кантроль рост коштаў. Што з гэтага атрымаецца - тлумачыць «Радыё Рацыя» эканаміст Леў Марголін.

- Ад Качанавай тут мала што залежыць, бо ўлада на словах турбуецца пра рост коштаў, а ў той жа час падпісвае дакументы аб іх павышэнні. На днях быў падпісаны дакумент, які прадугледжвае павышэнне акцызаў на паліва, а што гэта значыць? Паліва - гэта ўсё ў эканоміцы, бо ў кошце любога прадукту закладзены яго кошт. Калі вырастуць акцызы, то вырастуць і кошты. Які б мы тавар не купілі - ад хлеба да ровара - ва ўсім будзе закладзенае павышэнне акцызаў. Таму не ведаю, як кіраўнік адміністрацыі вырашыць пастаўленую задачу.

- Якія яшчэ фактары ўплываюць на рост коштаў?

- Акрамя ўсяго іншага, апошнім часам ёсць рост курсаў замежных валют - даляра і еўра, а значыць, што ўсе імпартныя складнікі даражэюць. Маецца таксама нейкі рост заробкаў, і гэта таксама аказвае пэўны ўплыў на кошты. Але гэта ўсё - законы эканомікі, на якія паўплываць чыноўнікі не могуць.

- Рост коштаў працягнецца?

- Думаю, будзе павольнае павышэнне, бо ніякіх эканамічных рэформаў не праводзіцца і ў будучыні не прадбачыцца. А тое, што робіцца цяпер, паказвае, што кошты працягнуць расці.

Да таго ж, на бліжэйшыя пяць гадоў у нас ужо закладзена павышэнне коштаў сыравіны для нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, а гэта азначае, што і далей прыйдзецца падвышаць кошты на паліва і ўсё астатняе.

Апошнія навіны