BE RU EN

Зміцер Паліенка абвясціў галадоўку

  • 27.03.2019, 15:15

Актывіст трымае галадоўку пратэсту ў ІЧУ з 24 сакавіка.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў паплечнік Змітра Паліенкі, грамадскі актывіст Вячаслаў Касінераў:

«На гэты момант Зміцер Паліенка трымае галадоўку ў ІЧУ з 24 сакавіка.

Патрабаванні Змітра да адміністрацыі наступныя:

1) Медыцынская дапамога, бо ў Паліенкі зноў абвастрыўся дэрматыт. Доктар прыходзіў да Змітра толькі раз, медычная дапамога палітвязню не надаецца.

2) Атрымаць асадку (якую ў яго адабралі), каб мець магчымасць пісаць лісты сябрам і таварышам. А таксама скаргі.

3) З моманту арышту Змітру многія пісалі, але дайшоў толькі адзін ліст. Ён патрабуе свабоды перапіскі з усімі, хто яму піша і каму збіраецца пісаць сам Паліенка.

Як сябры і таварышы Змітра Паліенкі мы заяўляем, што такое абыходжанне з'яўляецца фактычна катаваннямі чалавека, а таксама ўважаем чарговую крымінальную справу ў дачыненні да актывіста палітычна матываванай.

Усё гэта з вялікай імавернасцю вынік правакацыі сілавікоў, мэтай якой была помста і ізаляцыя актывіста ў рамках «непалітычнага» артыкула. Такія правакацыі і шытыя белымі ніткамі справы мелі месца ў мінулым і ад гэтага не абаронены ніхто са змагароў супраць дыктатуры. А значыць, мы павінны абараніць Змітра, інакш наступны - кожны з нас».

Нагадаем, што ў Менску 20 сакавіка ў сваёй кватэры быў брутальна затрыманы актывіст і былы палітвязень Зміцер Паліенка. Затрыманне праводзіла група асоб у бронекамізэльках і з аўтаматамі. Актывіста падазраюць ва ўчыненні злачынства на падставе артыкула 339, ч.3 КК РБ («Асабліва злоснае хуліганства»).

Апошнія навіны