BE RU EN

Свята на плантацыях

  • Мікалай Статкевіч
  • 27.03.2019, 11:10

Начамі рабы збіраліся вакол вогнішчаў у адмыслова адведзеных ім наглядчыкамі глухіх месцах.

У пазамінулым стагоддзі чарнаскурыя рабы на амерыканскіх плантацыях таксама святкавалі. Не ўпэўнены, што ў іх былі святы свабоды, але ў астатнім усё адбывалася прыблізна вось так.

Начамі рабы збіраліся вакол вогнішчаў у адмыслова адведзеных ім наглядчыкамі глухіх месцах, далей ад вачэй гаспадара. Там яны танчылі, спявалі афрыканскія песні, скакалі праз агонь. І гаманілі, безумоўна. Пра рознае.

Упэўнены, што некаторыя рабы праслаўлялі мудрасць гаспадара, які дазволіў ім святкаваць, і чалавечыя якасці наглядчыкаў, якія не разганялі свята пугамі. Хоць маглі б.

Некаторыя, разгарачаныя танцамі і спевамі, крычалі, што гаспадар дае ім святкаваць, бо напалоханы іх мужнымі скачкамі. І ў якасці довадаў настолькі павялічвалі колькасць тых, хто святкаваў, што нават самі пачыналі верыць у сваю сілу.

Яшчэ каля вогнішчаў абмывалі языкамі небяспечных асоб, якія падбухторвалі да нейкіх патрабаванняў да гаспадара або да ўцёкаў з плантацыі. Ці, нават страшна падумаць - да паўстання.

Патанчыўшы і наспяваўшыся, стомленыя рабы ішлі спаць, каб заўтра зноў пакорліва ўзяцца за працу на гаспадара плантацыі. Але цяпер жыццё здавалася ім не такім ужо і безнадзейным.

Беларусь - самая несвабодная краіна Еўропы.

Мікалай Статкевіч, спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны