BE RU EN

Які будзе надвор'е на гэтым тыдні

  • 25.03.2019, 15:27

Пахаладае, але гэта ненадоўга.

Характэрнай асаблівасцю сакавіцкага надвор'я з'яўляецца яго частая зменлівасць. Не стаў выключэннем і сакавік гэтага года. Пасля тыдня цёплага, амаль красавіцкага надвор'я тэмпературны рэжым вернецца ў свае кліматычныя рамкі. Пра гэта tut.by паведамілі ў Белгідрамеце Мінпрыроды.

26 сакавіка, у аўторак, праз тэрыторыю нашай краіны пройдзе халодны атмасферны фронт, услед за якім прыйдзе больш халоднае паветра. Уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя ападкі - у асноўным гэта будзе мокры снег. Вецер заходні, паўночна-заходні сярэдні, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ўначы -3...+2, максімальная ўдзень +2...8.

У сераду, 27 сакавіка, варункі надвор'я ўначы будзе вызначаць няўстойлівая халодная паветраная маса, у дзённыя гадзіны адаб'ецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску. Чакаецца пераменная воблачнасць. Уначы месцамі кароткачасовы снег, удзень пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай на асобных адцінках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, парывісты. Тэмпература паветра ўначы 0...-6, удзень +1...7.

28 сакавіка, у чацвер, у асноўным захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску. Пераважна без ападкаў, толькі ўначы на поўначы месцамі магчымы невялікі кароткачасовы снег. Вецер паўночна-заходні, заходні сярэдні. Тэмпература паветра ўначы 0...-5, пры працяглых прасвятленнях да -7, удзень +5...10.

У пятніцу, 29 сакавіка, гаспадаром надвор'я ў большасці рэгіёнаў застанецца падвышаны атмасферны ціск і ападкаў не чакаецца, толькі ўначы ў паўночнай палове краіны, дзе адаб’ецца ўплыў малаактыўнага франтальнага падзелу, месцамі пройдуць невялікія ападкі - мокры снег, дождж. Уначы і раніцай на асобных адрэзках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ўначы -2...+4, максімальная ўдзень ад +6 на паўночным усходзе да +13 на паўднёвым захадзе краіны.

У гэтыя выхадныя сітуацыя ў атмасферы зменіцца. Больш цёплае паветра пачне паступаць з Заходняй Еўропы, таму пахаладанне будзе кароткачасовым.

Апошнія навіны