BE RU EN

Эканаміст: Фартуна адвярнулася ад беларускіх уладаў

  • 25.03.2019, 9:57

Ці зможа Качанава на загад дыктатара «ўтаймаваць кошты»?

Лукашэнка зноў «абвясціў вайну» імкліваму росту коштаў і прызначыў кантралёра за заробкамі, піша «Заўтра тваёй краіны».

- Я даручыў кіраўніцы адміністрацыі неадкладна ўзяць на кантроль пытанні росту коштаў і заробкаў, - заявіў дыктатар на сустрэчы з актывам горада Баранавічы і раёна.

Ці правіцца кіраўніца адміністрацыі з пастаўленай задачай?

- Такія даручэнні даюцца не першым разам, але праблемы росту коштаў і нізкіх заробкаў дагэтуль не развязаныя, - нагадвае доктар эканамічных навук прафесар Барыс Жаліба. -Трэба імкнуцца да рынкавых стандартаў, якія адмаўляюць кантроль коштаў і заробкаў.

Са слоў эканаміста, кошты павінны быць свабоднымі, а заробак кожнаму трэба зарабляць.

- Калі гэта камерцыйнае прадпрыемства, то яно вызначае заробак зыходзячы са сваіх фінансавых магчымасцяў. А як падзяліць на заробкі бюджэтны пірог вызначае прэзідэнт і ўрад, -адзначае экспэрт.

Ён падкрэслівае, што адміністрацыйнымі загадамі Лукашэнка спрабуе павялічыць сярэдні заробак у краіне да запаветных 500 даляраў.

Аднак усе намаганні пакуль беспаспяховыя. Хоць, са слоў эканаміста, ёсць светлыя моманты ў выглядзе таго ж Парку высокіх тэхналогій, і надзей на тое, што беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень» будзе мець эфектыўную вытворчасць.

Але гэтыя два праекты не робяць надвор'е ў эканоміцы. Асабліва цяжкая сітуацыя на перыферыі.

- Там заробкі нізкія: 300-400 рублёў, альбо наогул няма працы. Вось дзе ўраду трэба прыкладаць намаганні: найперш даць магчымасць праявіць бізнэс ініцыятыву прыватніку, - кажа Барыс Жаліба.

- Лукашэнку часта дыктуе свае ўмовы не толькі дзяржаўным, але прыватным прадпрыемствам. Але ці маюць прыватнікі роўныя ўмовы гаспадарання з дзяржпрадпрыемствамі?

- Фокус увагі на буйных дзяржпрадпрыемствах як быў, так і застаецца. Дагэтуль не развязаная адвечная праблема: зраўняць умовы дзейнасці дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, доступ да рэсурсаў, да рынкаў збыту. Прыватнаму бізнэсу асабліва цяжка працаваць з дзяржпрадпрыемствамі, якія могуць сабе дазволіць вельмі доўгі час не плаціць, трымаць пратэрміноўку. Часам проста здзіўляешся, як прыватны сектар выжывае!

- На ваш погляд, ці падвысіцца ўзровень жыцця беларусаў найбліжэйшым часам?

- Мяркуючы з досведу мінулых гадоў, паляпшэнне жыцця ў нашай краіне адбываецца не дзякуючы адміністрацыйным вагарам, а калі замежная кан'юнктура паварочваецца ў спрыяльны бок. Беларуская эканоміка - адкрытая. Нашы экспартныя пазіцыі вельмі абмежаваныя. Калі ёсць рост сусветных коштаў нафты і нафтапрадуктаў, на мінеральныя ўгнаенні, калі Расея добра купляе нашыя прадукты, тады пэўныя беларусы нейкія паляпшэнні адчуваюць. Але апошнім часам фартуна да нас не паварочваецца тварам.

Апошнія навіны