Беларусь дагэтуль не адказала на запыт Украіны аб выкраданні Паўла Грыба
- 23.03.2019, 14:25
Украіна чакае адказу ад беларускага МЗС.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Укринформ» заявіў амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім.
Украінскі амбасадар прызнаўся, што было шмат кансультацый з МЗС Беларусі з нагоды знікнення Паўла Грыба.
«Выпадак з Паўлам Грыбам унікальны ў тым плане, што былі прыцягнутыя расейскія спецслужбы. Я, шчыра кажучы, беларусаў крыху шкадую, бо мы ведаем, якія «паскудствы» і дрэнныя рэчы могуць рабіць расейцы ў іншых краінах», - распавёў украінскі дыпламат.
Ігар Кізім звярнуў увагу, што беларускі бок дагэтуль не адказаў, ці ўдзельнічалі ў выкраданні ўкраінскага грамадзяніна беларускія спецслужбы.
«Ведаем, што яго выкралі спецслужбы Расейскай Федэрацыі, але ці быў да гэтага датычны беларускі бок - невядома. У МЗС Беларусі кажуць, што адпраўляюць нашы запыты ў МУС ці ў беларускі КДБ. Але афіцыйнага адказу ад МЗС Беларусі дагэтуль няма», - заявіў пасол.
Нагадаем, 22 сакавіка Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў украінца Паўла Грыба да 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.