BE RU EN

Турэцкая ліра абрынулася пасля пагроз Эрдагана ў адрас ЗША

  • 22.03.2019, 20:02

Праз абвал рынкаў ЦБ Турцыі быў вымушаны прыпыніць аўкцыёны repo.

Турэцкая ліра абрынулася на таргах у пятніцу на фоне заявы прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана, які выступіў з рэзкай крытыкай планаў ЗША прызнаць суверэнітэт Ізраіля над Галанскімі вышынямі, паведамляе finanz.ru.

Курс ліры да даляру абваліўся на 4%, да 5,7 ліры за даляр, ушчыльную наблізіўшыся да новага мінімуму з пачатку года.

Выступаючы на надзвычайным пасяджэнні выканаўчага камітэта Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва (АІС), Эрдаган заявіў, што словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра Галанскія вышыні, спрэчка за якія паміж Ізраілем і Сірыяй працягваецца з пачатку 1980-х гадоў, ставіць Блізкі Усход на грань новага крызісу.

«Турцыя ніколі не дапусціць, каб незаконная акупацыя Ізраілем Галанскіх вышынь была легітымізаваная», - падкрэсліў Эрдаган, і зазначыў, што заявы Трампа «выклікаюць шкадаванне».

На фоне абвалу ліры і фондавага рынку, які страціў 3,5% паводле індэкса BIST, ЦБ Турцыі прыняў пастанову прыпыніць правядзенне аўкцыёнаў repo, каб абмежаваць грашовую масу і прыток сродкаў у лірах у банкаўскую сістэму.

Пастанова прынятая «на няпэўны час», абвясціў рэгулятар. Рынак адрэагаваў на заявы ростам ліры, што, зрэшты, тут жа абярнулася новым абвалам.

Напярэдадні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «праз 52 гады настаў час для Злучаных Штатаў у поўнай меры прызнаць ізраільскі суверэнітэт над Галанскімі вышынямі». Ён падкрэсліў, што Галанскія вышыні маюць важнае стратэгічнае значэнне, у тым ліку з пункту гледжання бяспекі Ізраіля і ўсяго рэгіёну.

Апошнія навіны