BE RU EN

Беларусы паведамляюць пра праблему з запісам на польскі «шэнген»

  • 22.03.2019, 19:31

Некаторыя менчукі з пачатку сакавіка не могуць падаць заявы на турыстычную шэнгенскую візу.

- Вельмі складана падаць дакументы на візу менавіта ў Менску. Казалі, што будуць месцы на рэгістрацыю 14 сакавіка. Мы дзень праседзелі ў кампутарах з розных IP-адрасоў і не здолелі зарэгістравацца, - апавядаюць tut.by прадстаўнікі адной з арганізацый, якая займаецца выправамі школьнікаў і настаўнікаў у Польшчу для абмену досведам.

На візу суразмоўцы не падалі дагэтуль:

- Некалькі груп школьнікаў, якія планавалі вакацыі, не выехалі, - тлумачаць праблему.

Сапраўды, спецыялісты даведачнай лініі афіцыйнага візавага цэнтра Польшчы ў Беларусі, працу якога каардынуе аператар VFS Global, кажуць, што даступных дат на падачу ў Менску дакументаў на турыстычную візу няма. Усё размеркавана да 20 траўня, а пасля гэтага дня даты і месцы для падачы яшчэ «не адкрываліся». Гэта значыць, іх яшчэ не выкладвалі.

У аўторак, 19 сакавіка, у візавым цэнтры Польшчы былі вольныя даты на падачу на турыстычную візу на 15 траўня ў Пінску і на 20 траўня ў Гомелі. 22 сакавіка гэтых дат ужо не было, а была адна - на 25 сакавіка ў Гомелі.

- З чым гэта звязана? - пытаем у аператара даведачнай лініі.

- Консульства дае нам пэўныя даты для рэгістрацыі, яны вельмі хутка разыходзяцца, - тлумачыць аператар.

Перыядычна ў візавым цэнтры з'яўляюцца дадатковыя даты на рэгістрацыю. Найбліжэйшы дзень папаўнення - 26 сакавіка. У гэты дзень можна паспрабаваць зарэгістравацца на падачу дакументаў. Але на якія даты будуць месцы, пакуль невядома.

Падаць дакументы на візу можна і ў консульстве Польшчы ў Беларусі. Зарэгістравацца праз тэлефон нельга. Тры разы на месяц а 19.00 адкрываецца магчымасць анлайн-рэгістрацыі ў сістэме e-konsulat. Наступныя дні рэгістрацыі - 28 сакавіка, 8 і 18 красавіка. Менавіта ў гэты момант адкрываецца магчымасць рэгістрацыі, але сказаць зарання, на якія даты яна будзе адкрытая, немагчыма.

Дарадца амбасады Польшчы ў Менску Аркадыюш Клембэк звярнуў увагу, што пытанне рэгістрацыі на падачу віз - справа візавага цэнтра, а гэта прыватная кампанія. Пры гэтым пасольства выдае беларусам больш за 400 тысяч віз за год. Ніводны консульскі аддзел з краін Шэнгенскага пагаднення не выдае такой колькасці віз.

Апошнія навіны