Кіраўнік Еўрапейскай рады дапусціў адтэрміноўку Brexit
- 20.03.2019, 19:46
Дональд Туск дапусціў кароткую адтэрміноўку Brexit пры адной умове.
Кіраўнік Еўрапейскай рады Дональд Туск дапусціў перанос брэксіту на кароткі тэрмін, паведамляе svoboda.org.
Але толькі ў тым выпадку, калі парламент Вялікабрытаніі ўхваліць раней узгодненую ўгоду з Брусэлем. Надзея на арганізаваны выхад Вялікабрытаніі з Еўразвязу слабая, але ЕЗ працягне дамагацца гэтага, - дадаў Туск.
Раней у сераду прэм'ер-міністарка Вялікабрытаніі афіцыйна папрасіла адкласці выхад краіны з Еўразвязу да 30 чэрвеня. У лісце Дональду Туску яна адзначыла, што рыхтуецца да трэцяга галасавання ў парламенце па свайму варыянту пагаднення з ЕЗ.
Першапачаткова выхад каралеўства з Еўразвязу быў запланаваны на 29 сакавіка. Аднак брытанскія дэпутаты двойчы адхілілі ўгоду Тэрэзы Мэй з Брусэлем. Пры гэтым парламент таксама прагаласаваў супраць выхаду з ЕЗ без пагаднення і выказаўся на карысць пераносу брэксіту.
У Брусэлі мяркуюць, што адтэрміноўка Брэксіту непрымальная без канкрэтнага плана з боку брытанскага ўрада. Акрамя гэтага, для пераносу даты патрабуецца згода ўсіх краін - сябраў ЕЗ.