СМІ: Скудра можа ўзначаліць менскае «Дынама»
- 20.03.2019, 19:07
У паслугах вядомага латвійскага трэнера зацікаўлены і іншыя клубы КХЛ.
Журналіст «Чэмпіянату» Павел Панышаў паведаміў, што вядомы латвійскі трэнер Петэрыс Скудра можа ўзначаліць менскае «Дынама».
«На 90% працаўладкуецца ў наступным сезоне Петэрыс Скудра. Паводле нашай інфармацыі, латвійскаму спецыялісту, у якога ёсць і расейскае грамадзянства, прапаноўвалі кантракт у «Віцязі». У Падольску, нагадаем, плануюць расстацца з Валерыем Чыставым. Аднак ударыць па руках і падпісаць пагадненне з падмаскоўным клубам Скудра пакуль не ўдалося, бо нехта ў вышэйшым кіраўніцтве «Віцязя» наклаў вета на запрашэнне гэтага трэнера.
Акрамя «Віцязя», у Петэрыс ёсць іншыя варыянты працаўладкавання. Між іншым, прысутнічае зацікаўленасць з боку «Салавата Юлаева». Зноў жа, як і ў выпадку са Знарком, усё будзе залежаць ад таго, ці пройдзе Уфа у наступны раўнд Кубка Гагарына.
Магчымы варыянт працягу кар'еры Скудра ў менскім «Дынама», дзе вельмі хісткае становішча ў Андрэя Сідарэнкі. Але ў гэтым выпадку Скудра трэба рыхтавацца да дадатковай нагрузкі ў нацыянальнай камандзе Беларусі. Хоць Андрэй Скабелка аналагічным чынам працуе ў Казахстане. І нічога, спраўляецца», - напісаў Панышаў.