BE RU EN

Больш за сотню берасцейцаў выйшлі на пратэст супраць акумулятарнага завода ода

  • 17.03.2019, 16:45

Праціўнікі акумулятарнага завода прайшліся маршам вуліцамі Берасця.

У цэнтры Берасця жыхары горада сабраліся на традыцыйную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Усяго было блізу 120 чалавек, паведаміў belsat.eu праваабаронца Раман Кшсляк

Людзі прыйшлі на плошчу Леніна, але там ужо праходзіла мерапрыемства, арганізаванае гарадскімі ўладамі.

«На плошчы зладзілі нейкае свята, сагналі туды школьнікаў. У выніку людзі пастаялі там, а потым наважылі прайсці маршам вуліцамі Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь», - распавёў Кісляк.

Са слоў праваабаронцы, ніякіх інцыдэнтаў падчас шэсця не было, хоць міліцыянты ўвесь час назіралі за ўдзельнікамі акцыі.

«Сёння затрыманняў не было, але напярэдадні затрымалі актывіста Віталя Казака. Я думаю, гэта звязанае з сённяшняй акцыяй. Яго запрасілі ў апорны пункт міліцыі, а потым адвезлі ў РАУС», - дадаў Кісляк.

З пастарунку актывіста Казака перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён застаецца да панядзелка - магчыма, на гэты дзень прызначаны суд над актывістам.

Пратэсты супраць завода пачаліся ў лютым 2018 года. Супраць будаўніцтва завода падпісаўся кожны дзясяты берасцеец. Але ўлады не ідуць насустрач людзям. Удзельнікаў пратэсту неаднаразова затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі. На думку пратэстоўцаў, завод, які будуе кампанія «АйПаўэр», можа быць шкодным для наваколля і дрэнна адбіцца на стане здароўя мясцовага насельніцтва.

Апошнія навіны