BE RU EN

Расейскія вайскоўцы ўварваліся на тэрыторыю Грузіі: новыя падрабязнасці

  • 17.03.2019, 15:08

Абстаноўка застаецца напружанай.

Расейскія вайскоўцы ўвайшлі ў вёску Хурвалеці, якая знаходзіцца на лініі падзелу ў зоне грузіна-асецінскага канфлікту.

Пра гэта паведамляе лідар антыакупацыйнага руху "Сіла ў адзінстве" Давід Кацарава, паведамляе "Радыё Свабода". Паводле ягоных словаў, цяпер у Хурвалеці накіроўваюцца актывісты. Інфармацыю таксама пацвярджаюць мясцовыя жыхары ў сацсетках, адзначаючы, што расейскія вайскоўцы занялі частку вёскі.

Пры гэтым грузінская паліцыя не прапускае ў бок сяла журналістаў і грамадзянаў, заблакаваўшы ўсе праходы і адмовіўшыся каментаваць сітуацыю.

Мясцовыя жыхары паведамілі, што становішча ў вёсцы застаецца напружаным. Расейскія вайскоўцы перасеклі лінію падзелу і не пускаюць людзей на ўласныя надзелы. Пры гэтым перамяшчэнне расейскіх вайскоўцаў было заўважанае ў сяла Атоці.

Паводле словаў мэра Гарыйскага муніцыпалітэта Канстанціна Таўзарашвілі, вайскоўцы ў масках знаходзяцца на падкантрольнай цэнтральным уладам Грузіі тэрыторыі. "Пакуль невядомы матыў іх з'яўлення. На месцы знаходзяцца грузінскія праваахоўнікі", – паведаміў Таўзарашвілі.

Раней ля сяла Хурвалеці з боку самаабвешчанай рэспублікі Паўднёвая Асеція расейскія вайскоўцы ўсталявалі назіральны пост з вышкай.

Апошнія навіны