BE RU EN

Гарадзенскі бізнэсмэн выкупіў капліцу, дзе маліўся кароль Рэчы Паспалітай

  • 17.03.2019, 13:50

Вернікі спадзяюцца, што старажытная святыня зноў стане месцам малітвы.

Будынак старой каталіцкай капліцы на вуліцы Панямуньскай у Гародні вернікі прасілі вярнуць ужо даўно. Гадамі ўлады дасылалі толькі адпіскі. У выніку 12 сакавіка на трэцім аўкцыёне святыню разам з прылеглай тэрыторыяй і маёмасцю «Гроднапрамтэхнікі» выкупіў прыватны прадпрымальнік. Што будзе далей з неагатычным касцёлам, пакуль невядома, паведамляе «Белсат».

ФОТА: BELSAT.EU

З былой капліцы – склад машыннай алівы і гаспадарчай тэхнікі

Невялікі будынак касцёла на вуліцы Панямуньскай у Гародні з'яўляецца часткай былой рэзідэнцыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, куды апошні кароль Рэчы Паспалітай уцякаў на паляванне ад настырных плётак і вачэй нядобразычлівых прыдворных. У канцы XVIII ст., адчуваючы немінучую страту кароны, кароль пачаў раздорваць свае ўладанні і рэзідэнцыя ў Панямуні таксама перайшла ў прыватныя рукі. У XIX ст. капліцу перабудавалі ў неагатычным стылі. Вернікі тут маліліся да 1939 года, аднак пасля вайны будынак падзяліў лёс сотняў іншых беларускіх святыняў, зачыненых камуністамі. У каралеўскім маёнтку зрабілі саўгас, з капліцы знялі крыж і вакол з'явіліся гаражы – у гэтым месцы з'явілася машынна-трактарная станцыя. Сам будынак святыні выкарыстоўвалі як склад, куды зносілі сельскагаспадарчую тэхніку і дзе трымалі машынную аліву. Нават пасля распаду Савецкага Саюза будынак не аддалі вернікам, а рэшткі палацавага комплексу так і не сталі запатрабаваным турыстычным аб'ектам.

ФОТА: BELSAT.EU

«Гадамі мы прасілі, каб улады вярнулі святыню вернікам»

Яшчэ ў пачатку 90-х гг. гісторыкі, якія рабілі агляд былой святыні, знайшлі ў ёй барэльеф канца XVII ст. з гербам караля Аўгуста І. Знаходку перадалі ў музей, аднак на лёс капліцы гэта ўсё роўна не паўплывала. Будынак, прызнаны гістарычна-культурнай каштоўнасцю, так і застаўся складам на балансе прадпрыемства ААТ «Гроднапрамтэхніка». Яшчэ на пачатку 2000-х ксёндз Яўген Барысюк разам з вернікамі спрабаваў угаварыць, каб гарадзенскія ўлады аддалі капліцу вернікам. У 2007 годзе афіцыйна была зарэгістраваная парафія Найсвяцейшага Збаўцы і ўсіх святых, пад якую і трапляла капліца. Аднак ні сабраныя подпісы жыхароў, ні лісты ў Міністэрства культуры не далі ніякага выніку.

ФОТА: BELSAT.EU

«У 2006 годзе мяне прызначылі пробашчам і мы пачалі прасіць, каб улады нам далі дазвол адрамантаваць храм і зноў зрабіць яго месцам малітвы. Мы збіралі подпісы жыхароў, адпраўлялі кіраўніцтву, некалькі разоў пісалі ў міністэрства. Аднак прыходзіла ўвесь час адна і тая адпіска, што святыня знаходзіцца на тэрыторыі «Гроднапрамтэхнікі», што там машынны двор, вялікі рух транспарту і гэта небяспечна для людзей. Нават была арганізаваная камісія ў аблвыканкаме, дзе ўлады разам з біскупам Аляксандрам Кашкевічам нібыта прыйшлі да кампрамісу, аднак ужо праз месяц справа зноў заглухла. І так доўжылася да 2016 года, пакуль нам не сказалі, што трэба пачакаць, хто набудзе тэрыторыю», – кажа кс. Яўген Барысюк, які праводзіць службы для жыхароў Панямуні, вул. Падольнай і ў капліцы на каталіцкіх могілках па вуліцы Антонава.

Сёння жыхарам Панямуні даводзіцца ездзіць маліцца ці ў капліцу на старых гарадзенскіх могілках на вул. Антонава, ці ў іншыя касцёлы Гародні. Калі б будынак вярнулі, то маліцца прыходзіла б мінімум 150 чалавек, – кажа святар.

Як гандлявалі капліцай і былым палацавым комплексам

Некалькі гадоў таму кіраўніцтва прадпрыемства ААТ «Гроднапрамтэхніка» ўсё ж надумала прадаць тэрыторыю з прыбудовамі і капліцай.

«Мы не маглі выкупіць капліцу, бо, па-першае, у нас грошай такіх няма, а па-другое, давялося б выкупляць усю тэрыторыю цалкам, таму што частковы продаж зямлі не прадугледжаны, а нам патрэбная толькі святыня, каб людзям было, дзе маліцца. Капліца ўнутры яшчэ ў даволі добрым стане, хоць рамонт унутры ніхто не рабіў. Так, пафарбавалі звонку і бярозку на вежы зрэзалі», – тлумачыць кс. Яўген.

ФОТА: BELSAT.EU

На першым аўкцыёне ў 2017 годзе тэрыторыю з пабудовамі прадавалі за больш за 4 млн рублёў, другі раз кошт знізілі да 2,8 мільёнаў, аднак пакупнікоў усё роўна не знайшлося. На апошнім аўкцыёне сёлета зарэгістраваўся адзіны пакупнік, які і забраў нерухомасць за 774 тысячы рублёў. Ім апынуўся гарадзенскі прыватны прадпрымальнік Андрэй Буяноўскі.

Пакупнік пакуль не кажа пра свае планы на маёмасць. «Гроднапрамтэхніка» павінна пакінуць тэрыторыю і будынкі да пачатку лета. Толькі тады стане вядома, у якім стане будынкі і што з імі можна зрабіць. Што рабіць з капліцай Андрэй Буяноўскі таксама яшчэ не надумаў.

ФОТА: BELSAT.EU

«Было б прыгожым жэстам, каб новы ўладальнік дазволіў нам маліцца ў храме. Я з ім размаўляў, але ён яшчэ пакуль вялікіх планаў не строіць. Трэба пачакаць, пакуль прадпрыемства вывезе сваю маёмасць. Будзем прасіць разам з біскупам. Я растлумачыў, што людзям гэта трэба. І ўсё ж такі гэта можа быць яшчэ адзін каралеўскі куток нашага горада», – кажа кс. Яўген.

Выкупленая тэрыторыя займае 4 га зямлі, на якой знаходзіцца 16 будынкаў: адміністрацыйныя будынкі, гаражы і таксама капліца-склад. На гэты момант яна зачыненая для наведвальнікаў.

Апошнія навіны