The Lancet: Старасць у Беларусі надыходзіць раней за пенсійны ўзрост
- 14.03.2019, 12:05
Беларусы старэюць на 5 гадоў хутчэй, чым сярэдні жыхар планеты.
"Узрост старасці" ў беларусаў надыходзіць раней за пенсійны.
Старэчыя хваробы развіваюцца ў нашых грамадзян ужо да 60 гадоў, тады як сярэднесусветны «ўзрост старэння» - 65 гадоў. Пры гэтым мужчыны ў нас ужо праз год будуць сыходзіць на пенсію ў 63 гады.
Сярэднесусветны «ўзрост старэння» - 65 гадоў. Але беларусы, на жаль, старэюць на 5 гадоў раней! Пра гэта гаворыцца ў параўнальным даследаванні хуткасці старэння жыхароў 195 краін, апублікаваным у навуковым часопісе The Lancet.
Аўтары працы - пяць навукоўцаў з ЗША, Гішпаніі ды Нарвегіі - прааналізавалі звесткі з 1990 да 2017 года і выявілі, што сярэднесусветны «ўзрост старэння» - 65 гадоў. Звычайна дагэтуль у чалавека назапашваецца некалькі з 92 хвароб, якія лічацца старэчымі.
Сярод іх інсульт, арытмія, ішэмія, эндакардыт, міякардыт і яшчэ восем захворванняў сэрцава-судзіннай сістэмы, 35 тыпаў анкалогій, хваробы Паркінсона і Альцгеймера, катаракта і глаўкома, пагаршэнне слыху ды іншае.
Згодна з высновамі даследавання, у залежнасці ад краіны пражывання старэнне ў людзей можа пачынацца значна раней ці пазней за ўстаноўленыя 65 гадоў.
Напрыклад, у Папуа-Новая Гвінея, якая заняла апошняе, 195-е месца ў рэйтынгу старэння жыхароў, «старасць» прыходзіць у 45 гадоў. У Афганістане (192 месца) яна пачынаецца ў 51 год, у Вануату (193) - у 52.
У Беларусі і Грузіі старэчыя хваробы пачынаюць развівацца прыкладна ў 60 гадоў, у Расеі - у 59, ва Украіне - у 57.
У Арменіі «ўзрост старэння» склаў 64 гады, у Эстоніі - 66, на Кубе - амаль 67, у Іране - 69, Мексіцы і Славеніі - 70, Фінляндыі - 72.
Найпазней старэчыя хваробы выяўляюцца ў жыхароў Швайцарыі, Францыі, Японіі, Сінгапура - у 76.
Пры гэтым аўтары даследавання адзначаюць, што за апошнія 27 гадоў у свеце ўзроставыя хваробы менш абцяжарваюць жыццё людзей, таксама знізілася смяротнасць ад іх.