Актывіста, які «пахаваў» Пуціна, арыштавалі на 28 дзён
- 12.03.2019, 14:00
Адвакат заявіў, што абскардзіць пастанову суда.
Суд у Набярэжных Чаўнах арыштаваў на 28 дзён актывіста Карыма Ямадаева за інсталяцыю ў выглядзе магілы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна недалёка ад будынка Следчага камітэта.
Пра гэта Idel.Реалии паведаміў абаронца Рузіль Мінгалімаў. Ямадаева прызналі вінаватым у паўторным парушэнні ўстаноўленага парадку арганізацыі або правядзення публічнай акцыі.
10 сакавіка актывіста затрымалі паводле падазрэння ў правядзенні акцыі з размяшчэннем «магілы» прэзідэнта Расеі каля будынка следчага аддзела рэгіянальнай управы Следчага камітэта ў Набярэжных Чаўнах. Металічная загарадкі і «надмагільны помнік» з выявай Пуціна і датамі 1952-2019 былі ўсталяваныя ў нядзелю раніцай. Актывіст знаходзіўся ў пастарунку з вечара нядзелі.
У студзені гэтага года Карыма Ямадаева арыштавалі на восем дзён за ўсталяванне самаробнага помніка ахвярам палітычных рэпрэсій у Набярэжных Чаўнах.
Адвакат заявіў, што абскардзіць вырак суда.
Выданне «Медуза» напярэдадні паведаміла, што сацсетка «Вконтакте» выдаляе пасты з фотаздымкамі «надмагіллі». Прэс-служба сацсеткі патлумачыла свае дзеянні, параўнаўшы фатаграфіі з «загадзя ілжывымі гісторыямі аб выдуманай гібелі вядомага чалавека» і заявіўшы, што ідзе насустрач пажаданням карыстальнікаў «радзей сустракаць публікацыі, якія ўводзяць іх у зман».