BE RU EN

«Жонку аштрафавалі за перавышэнне хуткасці, а муж наважыў адпомсціць ДАІ»

  • 10.03.2019, 15:26

Мужчына патэлефанаваў у дзяжурную частку ДАІ Менскага аблвыканкама.

У ДАІ Менскай вобласці паведамілі, што раніцай 8 сакавіка на трасе Р23 (Менск - Мікашэвічы) спынілі жанчыну за перавышэнне хуткасці. Дазволеная на гэтым адцінку дарогі - 90 км/г, а кіроўца разагналася да 123 км/г. Яна патлумачыла, што проста задумалася пра свае праблемы і не заўважыла, як перавысіла. Акрамя гэтага жанчына рухалася пры свабоднай правай па крайняй левай паласе, што таксама з'яўляецца парушэннем ПДР. Кіроўцу аштрафавалі у сукупнасці на 4 базавыя адзінкі (за адсутнасць тэхагляду вынесенае папярэджанне), паведамляе onliner.by.

Нічым не характэрная гісторыя, калі б не ўмяшаўся муж гэтай жанчыны.

- Даведаўшыся дома аб парушэннях жонкі, ён наважыў адпомсціць супрацоўнікам аддзела ДАІ Менскага РУУС. Мужчына патэлефанаваў у дзяжурную частку ўправы ДАІ Менскага аблвыканкама і паведаміў, што інспектары атрымалі ад ягонай жонкі хабар сумай 100 даляраў ЗША, - распавёў афіцыйны прадстаўнік ДАІ Менскай вобласці Сяргей Чабатароў. - Мянчук не ведаў, што адміністрацыйны працэс фіксаваў відэарэгістратар супрацоўнікаў ДАІ. А ва УУС, даведаўшыся яшчэ і аб крымінальнай адказнасці за паклёп, мужчына перадумаў пісаць заяву. Ён патлумачыў, што няправільна зразумеў жонку.

У дачыненні да гэтага чалавека складзены адміністрацыйны пратакол паводле арт. 17.6 КоАП за заведама ілжывае паведамленне.

Апошнія навіны