BE RU EN

Астап Бэндэр і Дзядзька Міця з фільма «Каханне і галубы»: найлепшыя ролі Сяргея Юрскага

  • 8.02.2019, 13:17

Чым запомніўся легендарны актор.

Народны артыст Расеі Сяргей Юрскі памёр сёння, 8 лютага.

У падборцы tut.by - пяць найлепшых роляў гэтага выбітнага актора.

Вікніксор («Рэспубліка ШКІД»)

Рэспубліка ШКІД - гэта Школа-камуна для цяжкіх падлеткаў імя Ф.М. Дастаеўскага, створаная ў Петраградзе ў 1918 годзе. У 1927-м выхаванцы школы Рыгор Белых і Л. Панцялееў (менавіта так гучаў псеўданім пісьменніка Аляксея Ерамеева) напісалі аўтабіяграфічную аповесць «Рэспубліка ШКІД». Прайшло чатыры дзесяцігоддзі, і рэжысёр Генадзь Палока ўзяўся за яе экранізацыю.

Сяргей Юрскі сыграў у фільме ролю Вікніксора - іншымі словамі, дырэктара школы Віктара Мікалаевіча Сарокіна. Асноўным сюжэтам стала ягоная барацьба супраць дрэнных схільнасцяў падлеткаў, якія тыя набылі на вуліцы.

Фільм стаў адным з лідараў савецкага пракату - яго паглядзелі 32,6 мільёна гледачоў (гэта было 12-е месца сярод фільмаў 1966 года).

Астап Бэндэр («Залатое цяля»)

На экране лёс двух раманаў Ільфа і Пятрова склаўся дыяметральна процілегла. «12 крэслаў» экранізавалі ў Польшчы, ЗША, на Кубе і два разы ў СССР, а вось «Залатое цяля» - усяго толькі адзін раз. Гаворка пра фільм рэжысёра Міхаіла Швейцэра (1968), у якім Юрскі сыграў Астапа Бэндэра (пазней, ужо ў нулявыя, выйшаў серыял з удзелам Алега Меньшыкава, але ўдалым пры ўсім жаданні яго не назавеш).

На момант здымак актору было 33 гады, што цалкам адпавядала раману: «Мне трыццаць тры гады - узрост Ісуса Хрыста. А што я зрабіў да гэтага часу?..». Мэтанакіраванасць, энэргія, харызма і акторскі талент Юрскага зрабілі гэтую ролю ягонай візітнай карткай. У стужцы раскрыўся і талент рэжысёра Швейцэра, які да гэтага быў вядомы як стваральнік ідэалагічна правільных стужак.

Іван Сяргеевіч Груздзеў («Месца сустрэчы змяніць нельга»)

У 1979 годзе на савецкія экраны выйшаў 5-серыйны фільм «Месца сустрэчы змяніць нельга», зняты рэжысёрам Станіславам Гаварухіным паводле рамана братоў Вайнераў «Эра міласэрнасці». «Месца сустрэчы» хутка атрымала статус культавай стужкі. Не ў апошнюю чаргу - дзякуючы Уладзіміру Высоцкаму, які сыграў ролю капітана Жэглова - адну з найлепшых у сваёй біяграфіі.

Сяргей Юрскі з'яўляецца на экранах ужо ў першай серыі. Жэглоў і ягоны напарнік Шарапаў (Уладзімір Конкін) расследуюць справу аб забойстве маладой жанчыны Ларысы Груздзевай. Жэглоў упэўнены, што забойства ўчыніў муж Ларысы, доктар Іван Сяргеевіч Груздзеў, ролю якога і выконвае Юрскі. Усе довады паказваюць на ягонае дачыненне да справы, але Шарапаў пачынае сумнявацца ў ягонай вінаватасці...

Праца над роляй Груздзева супала ў Юрскага са складаным перыядам жыцця - ён сыходзіў са знакамітага ленінградскага тэатра БДТ і перабіраўся ў Маскву. Менавіта ў 1978-м, калі пачаліся здымкі стужкі, актор стаў працаваць у маскоўскім тэатры Массавета, дзе служыў да смерці.

Дзядзька Міця («Каханне і галубы»)

У 1984 годзе рэжысёр Уладзімір Мяньшоў, які атрымаў Оскара, (нагадаем, узнагароды Амерыканскай кінаакадэміі была ўдастоеная ягоная стужка «Масква слязам не верыць») зняў лірычную камедыю «Каханне і галубы».

Цікава, што Сяргей Юрскі першапачаткова прызначаўся на ролю работніка леспрамгаса Васіля Кузякіна, які паводле сюжэту закруціць курортны раман з Раісай Захараўнай (Людміла Гурчанка), але нарэшце ўсё ж вернецца да сваёй жонкі Надзі (Ніна Дарошына). Але ў выніку на гэтую ролю зацвердзілі Аляксандра Міхайлава, а Юрскі сыграў ролю дзядзькі Міці - ягонага суседа.

Дарэчы, жонку Міці, бабу Шуру, сыграла Наталля Ценякова, рэальная жонка Юрскага. Інтэлігентныя гарадскія жыхары так выканалі ролі вясковай пары, што гледачы ім паверылі. А пэўная тэатралізацыя, якую прапанаваў актор, толькі дадала дзеянню дадатковых рысак.

Рэнэ («Каралева Марго»)

Пасля распаду СССР расейскі кінематограф доўга не мог акрыяць. Магчыма, таму ў дзевяностыя і нулявыя у Сяргея Юрскага было не так шмат яскравых, запамінальных роляў, як у савецкі час. Аднак варта звярнуць увагу на ягоную ролю Рэнэ ў «Каралеве Марго».

Зразумела, гэты серыял складана назваць шэдэўрам. Але рэжысёр Аляксандр Муратаў, які пазней у асноўным здымаў серыялы, здолеў сабраць у «Каралеве Марго» выдатны акторскі склад: Мікалая Карачанцава, Дзмітрыя Пяўцова, Армена Джыгарханяна, Міхаіла Баярскага, Дзмітрыя Харацьяна і Кацярыну Васільеву.

Сяргей Юрскі сыграў ролю Рэнэ, парфумера каралевы-маці Кацярыны Медычы, які складае гараскопы. Гарнітурная версія рамана Аляксандра Дзюма прыйшлася па душы гледачам, таму серыял дагэтуль застаецца частым госцем на тэлевізіі.

Апошнія навіны