СМІ: Паліцыя Брытаніі шукае яшчэ двух удзельнікаў замаху на Скрыпалёў
- 8.02.2019, 11:19
Да тэракту з выкарыстаннем «Навічка» могуць быць датычныя пяць грамадзян РФ.
Паводле звестак брытанскай паліцыі, да атручвання былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў Солсбэры датычныя пяцёра грамадзян РФ, паведамляе Daily Mail.
Крыніца выдання ў органах бяспекі заявіла, што на працягу некалькіх тыдняў паліцыя падасць довады аб дачыненні да атручвання Скрыпалёў яшчэ двух расейцаў.
Выданне адзначае, што двое грамадзян РФ перасоўваліся асобна ад іншых падазраваных, а таксама адзначае, што іхняя роля ў інцыдэнце была "значна меншая".
4 сакавіка 2018 года былога расейскага агента Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію атруцілі нэрвова-паралітычным рэчывам “Навічок” у брытанскім Солсбэры.
Сяргея і Юлію Скрыпалёў выявілі ў непрытомым стане на лаўцы ў цэнтры места. Перад гэтым яны наведалі італійскую рэстарацыю Zizzi.
Паводле звестак Лондана, за атручваннем Скрыпалёў стаіць Расея, а выканаўцамі злачынствы былі афіцэры ГРУ.
Паводле звестак брытанскіх праваахоўнікаў, за замахам стаяць расейскія афіцэры ГРУ "Аляксандр Пятроў" і "Руслан Башыраў" (сапраўдныя імёны - Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін).
У канцы верасня СМІ паведамлялі, што брытанская паліцыя высветліла трэцяга падазраванага, які выявіўся грамадзянінам Расеі з выдуманым імем "Сяргей Фядотаў".