BE RU EN

Як расейскі завод знішчае Магілёўшчыну

  • 7.02.2019, 18:51

Жыхары Магілёва пратэстуюць супраць заводу «Омск Карбон».

Летась увосень жыхары паселішча Вейна на Магілёўшчыне пачалі заўважаць дзіўны пыл, да таго ж з'явіўся непрыемны пах, піша mogilev.online.

«Дачка выйшла пагуляць на вуліцу з маленькай унучкай і апранула белую куртку. Праз некаторы час яна кажа: «Мама, у мяне нейкія шматкі на куртцы!» Паглядзелі на снег, а ён увесь чорны», - успамінае жыхарка Вейна Людміла Кастусёва.

Толькі праз некалькі дзён мясцовыя даведаліся, што завод «Омск Карбон Магілёў» пачаў працу ў тэставым рэжыме. Да жылых дамоў - менш за кіламетр. Цяпер прадпрыемства часова не працуе, але ад ліпкай сажы - не пазбавіцца.

Адразу пасля запуску завода ў Генадзя Волкава памерлі больш за семдзесят трусоў.

«Сталі падаць проста так. Ніякіх сімптомаў не было ні на пысе, ні на лапах, нідзе. Прыйдзеш з працы, усе... ляжыць, нічога не ведаеш»- распавядае Генадзь.

Мясцовыя звязваюць падзеж жывёлы менавіта з выкідамі. Бо трусы загінулі ва ўсёй вёсцы адначасова. Людзі не разумеюць, як пры такім суседстве далей весці гаспадарку. Але вытворчасць забруджвае не толькі паветра, але і ваду.

«Усе ўпадае ў раку Навасельская, там знаходзілася добрае возера, дзе мы пастаянна купаліся з дзецьмі», - кажа жыхар Вейна Віктар Пруднікаў.

Цяпер санітарныя органы забаранілі купацца і лавіць рыбу ў мясцовых вадаёмах. Бо забруджванне перавышае дапушчальныя нормы ў 600 разоў.

Мы трапілі на сустрэчу кіраўніцтва Магілёўскага раёна і завода «Омск Карбон Магілёў» з жыхарамі Вейна. На звароты мясцовых чыноўнікі адказваюць, што экалагічная сітуацыя ў раёне нармальная. Са слоў чыноўнікаў, выкіды былі нязначныя, і ў далейшым праца завода на навакольнае асяроддзе не паўплывае. Аднак людзі не вераць у такія гарантыі бяспекі.

Разам з мясцовым праваабаронцам Уладзімірам Краўчанка мы накіраваліся бліжэй да завода, каб убачыць санітарную зону вакол прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў».

«У санітарнай зоне 40% тэрыторыі павінна быць засаджаны зялёнымі насаджэннямі, устойлівымі да хімічнага забруджвання. Гэтага зроблена не было. Пасадкі займаюць менш за 10% гэтай тэрыторыі», - сцвярджае Краўчанка.

Таксама пры будаўніцтве завода не зрабілі неабходных крокаў для зніжэння шкоднага ўплыву. Каб дамагчыся кампенсацыі за нанесеную шкоду, жыхары наважылі падаць у суд на ўласнікаў і кіраўніцтва завода. Але юрысты збіраюцца пайсці яшчэ далей і хочуць стварыць назіральную камісію, якая будзе кантраляваць дзейнасць цэнтраў кантролю за паветрам, выкідамі ў вадаёмы і ў зямлю хімічных рэчываў.

Апошнія навіны