BE RU EN

Адступаць ужо няма куды

  • УЛАДЗІМІР ХАЛІП
  • 27.02.2019, 8:54

Ззаду Дразды.

Злавеснае воблака азмрочыла ціхамірны Драздоўскі гарызонт. Адкуль узнік гэты дзіўны дысананс, зразумець немагчыма. Светлую пастараль наладжанага побыту быццам бы нішто не парушала. Пад надзейнай аховай жыць рыхтаваліся доўга і радасна. Снавалі натхнёныя планы. А тут раптам нахлынула нешта невыразнае, незразумелае. Нейкае смутнае пачуццё невытлумачальнай трывогі. Адкуль?..

Ад вярблюда, сцвярджаюць мудрацы Усходу. З гэтым загадкавым стварэннем трэба быць напагатове. Яшчэ той карабель пустыні, а да таго ж і своеасаблівы сімвал Вялікага Шаўковага шляху. Зразумець немагчыма, з якога рады Усход з усёй яго стракатай атрыбутыкай і экзатычнымі норавамі стаў такі блізкі тутэйшаму менталітэту. Неспасціжная загадка - чаму раптам?

Быццам бы еўрапейская краіна. Ды яшчэ на кожным кроку тут можна пачуць, што мы наогул цэнтр кантынента. І побач з усім гэтым - безнадзейны Усход. Найгоршы яго варыянт. Дзікія норавы назіральнікаў. Нязменная вярхоўная ўлада. Нейкія вартаўнікі на кожным кроку. У цэнтры сталіцы - усім вядомая «Амерыканка». Месцы зняволення тут не проста турмы - зінданы. А ў каламутных вачах усюдыіснай аховы і яе начальства - звярыная туга па Ардзе. Няўменне і нежаданне жыць паводле нормаў еўрапейскага права. Такія сістэмы беспрасветныя і безнадзейныя. Найменшы штуршок звонку выклікае глыбокія ўзрушэнні і доўга не змаўкае рэха.

Здавалася б, што нам нейкі пікнік, які зацягнуўся на узбочыне гарналыжнай пуцінскай трасы. Тым больш, што яго натхняльнікі засакрэцілі сутнасць і сэнс перамоў, якія праходзілі ў паўзах паміж катаннем з гор і хакейнымі спаборніцтвамі. Але менавіта гэтая недагаворанасць і настойлівыя запэўніванні ўвішнай абслугі, што нічога істотнага там не адбывалася, выклікалі ў інфармацыйнай прасторы нашай чулай краіны доўгае рэха.

Як гэта не адбывалася? Калі толькі на каньках хацелі пакатацца, навошта такую процьму найважнейшых міністраў ды іншых адказных асоб спатрэбілася абодвум бакам загружаць у самалёты? Яшчэ са снежня, быццам пры аблозе варожага замка, выразна чуецца цяжкае чыноўніцкае сапенне. Чорныя крамлёўскія капальнікі відавочна рыхтуюць падкоп. А нехта з клюшкай жвава слізгае па лютаўскім накатаным лёдзе і супакойвае ўстрывожаных благімі весткамі падданых «Спіце, грамадзяне, спіце! У Багдадзе ўсё спакойна».

Спакой аднак наўрад ці камусьці сёння сніцца. Нават з заўсёды гатовага Цэнтрвыбаркама ўжо ідуць нейкія загадкавыя сігналы. Быццам прэзідэнцкія выбары цалкам магчымыя датэрміновыя, ці не 1 снежня гэтага года, а ў дадатак на восень могуць прызначыць яшчэ і рэферэндум. Пра што гэта, не цяжка здагадацца. Так ці інакш, а 25-годдзе незаменнай улады дабром не скончыцца. Нейкую мудрагелістую схему яны, відавочна, рыхтуюць.

Натуральна, змрочныя настроі, якія ўзніклі пасля дзіўнага пікніка на пуцінскіх лыжных схілах, правадыр паспяшаўся развеяць без прамаруджання. А тут і прыдатная нагода – «23 феўраля». І аўдыторыя найлепшая - курсанты Вайсковай акадэміі. Народ цікаўны, але дысцыплінаваны. І вось тут ужо ён расправіў крылы. Смела пазначыў першы рубеж, з якога адступаць нельга. «Трэба займацца эканомікай - гэта аснова стабільнасці. Таму галоўнае - не страціць стабільнасць. Як бы ні было складана, як бы ні было цяжка. Калі толькі мы дэстабілізуем нашу краіну, яна камусьці дастанецца, мы зноў сыдзем пад бізун, як у народзе кажуць, нас будуць сцябаць бізуном. Добра, нас, мы гэта заслужылі, калі мы да гэтага давялі. А дзеці за што будуць пакутаваць?

І сапраўды, за што ім такая доля, калі нейкі дзядзька, замест таго, каб умацоўваць усімі спосабамі абарону краіны і гэтую праклятую стабільнасць, імчыць з раніцы да ночы па ледзяным палях і лыжных трасах. А потым яшчэ спрабуе знайсці вінаватага. І вось ужо на ўсходнім гарызонце клубіцца нешта невыразнае, незразумелае. Але потым высвятляецца, што гэта яшчэ далёка не галоўная небяспека. Ёсць у нашай краіны і зусім іншая мяжа. Ці не на тым стратэгічным кірунку завязаны вузел многіх неразвязаных праблем?

«У мяне ёсць і прысядзібны надзел, і вялікія фермы, але гэта не кажа пра тое, што я штодня там. Вось калі сенажаць, магу і а пятай раніцы пайсці касіць траву, пакуль усе спяць». І узнікае перад курсантамі і ўсёй краінай звычайны адстаўнік з ягонымі пільнымі клопатамі пра грады, цяпліцы, баклажаны і гуркі. І навошта ён мучыць сябе і іншых, калі столькі цікавага там, на пляцы, і вынікі дзейнасці на тым і іншым кірунку непараўнальныя.

Да таго ж высветлілася з тых шчырых прызнанняў, што мундзір з лампасамі і загадкавымі пагонамі, у якім ён фарсіць на парадах, гэта нешта міфічнае. А напраўду ён падпалкоўнік. І нават чэкіст Пуцін старэйшы за яго паводле рангу. Крыўдна да слёз. «Я ж не магу сабе прысвоіць палкоўніка!»- паскардзіўся правадыр курсантам. Вось, высвятляецца, якая вельмі прыкрая можа ўзнікнуць калізія, калі доўга сядзець у адным крэсле. Дык чаму б не развязаць яе аднойчы і назаўсёды?

А крыху раней больш удачлівы ў кар'ерных абставінах палкоўнік Пуцін, сабраўшы паплечнікаў, зачытаў сваё штогадовае пасланне Федэральнаму сходу. Сярод іншага там быў і такі пасаж аб амерыканскіх ракетах сярэдняй і меншай далёкасці і іх магчымай перадыслакацыі, які не пакідае ніякіх сумневаў з нагоды вынікаў сочынскіх перамоў і далейшага лёсу пуцінскага хаўрусніка і партнёра. «У некаторых класаў гэтых ракет час падлёту да Масквы можа складаць 10-12 хвілін. Гэта і ёсць вельмі сур'ёзная пагроза для нас. У такім выпадку мы будзем вымушаныя, я хачу гэта падкрэсліць, менавіта вымушаныя прадугледзець люстраныя і асіметрычныя дзеянні». Ці пакіне ён свае даўнія намеры выйсці на нашу заходнюю мяжу, каб у выпадку «люстраных дзеянняў» скараціць і час палёту сваіх ракет? Выразнага адказу на гэтае найважнейшае пытанне ў гутарцы з курсантамі, відавочна, прадугледжана не было.

Але не ўсё так безнадзейна, як можа здацца асобным цывільным асобам. Міністр абароны далёка не выпадкова надумаў менавіта ў гэты дзень, на гэтай сустрэчы, уручыць правадыру памятны падарунак - пісталет у скрынцы. Сапраўдны. А ў дадатак яшчэ і патроны. І быццам бы вымавіў па-салдацку скупыя словы: гетману без пісталета нельга. Яны схіліліся над скрынкай, асцярожна перабіраючы боезапас. Ціхамірныя блукалі ўсмешкі на іх тварах. Быццам яны на фронце, на апошнім рубяжы. І вось падвезлі, нарэшце, патроны.

Адступаць ужо няма куды. Ззаду Дразды.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны