Прапагандыст Кісялёў назваў цэлі расейскіх ракетаў у ЗША
- 24.02.2019, 17:27
Сярод іх – будынак Пентагона і пункт кіравання ядзернымі сіламі ў Вашынгтоне.
У эфіры праграмы "Весці тыдня" на тэлеканале "Расея 1" яе вядоўца Дзмітрый Кісялёў вечарам у суботу назваў цэлі, якія расейскія ракеты "Цыркон" уразяць у ЗША ў выпадку такой неабходнасці, паведамляе svoboda.org.
Сярод іх – будынак Пентагона і пункт кіравання ядзернымі сіламі ў Вашынгтоне, прэзідэнцкі пункт кіравання ў Мэрылэндзе, кіраванне стратэгічнымі наступальнымі сіламі ў Каліфорніі.
"Гэта тыя самыя цэнтры прымання пастановаў, пра якія казаў Пуцін", – заявіў у эфіры Кісялёў.
Злучаныя Штаты пакуль не каментавалі гэтыя заявы.
20 лютага прэзідэнт Расеі, выступаючы ў Маскве з пасланнем да Федэральнага сходу, заявіў, што ў адказ на меркаваны выхад Злучаных Штатаў з дамовы пра ракеты сярэдняй і меншай далёкасці Расея разгорне ракетныя сістэмы, якія будуць нацэленыя не толькі на ўзбраенні, але і на цэнтры прымання пастановаў на тэрыторыі ЗША і іхніх хаўруснікаў. Ён абвінаваціў еўрапейскія краіны ў "падрохкванні" Вашынгтону. Гэтыя словы выклікалі воплескі ў зале.
Пуцін таксама згадаў і пра распрацоўку новай гіпергукавой ракеты "Цыркон", якая мае далёкасць палёту больш за тысячу кіламетраў. Паводле планаў прэзідэнта, ужо сёлета ёю ўзброяць надводныя і падводныя караблі расейскага флоту.
У Мінабароны сцвярджаюць, што дасягнуць сваіх цэляў "Цырконы" могуць за 5 хвілінаў, а амерыканскім ракетам трэба мінімум 10 хвілінаў, каб даляцець да Масквы. Акрамя таго, "Цыркон", паводле заяваў расейскіх вайскоўцаў, можа пераадолець любую з існых сістэмаў супрацьракетнай абароны.
Пры гэтым раней сцвярджалася, што "Цыркон" з'яўляецца супрацькарабельнай ракетай.