BE RU EN

Дэпутатка сельсавета ўзбунтавалася супраць улад дзеля школы

  • 24.02.2019, 8:38

Барацьба за школу прынесла Розе Стрэльчанцы папулярнасць.

Розу Стрэльчанку з вёскі Каплічаў Калінкавіцкага раёна западозрылі ў пагрозах падарваць закрытую школу і саму сябе. «Дэпутатка» расказала «Белсату» кароткую гісторыю школы - і сваёй барацьбы за яе.

22 лютага будынак школы ў Каплічах ачапілі, а жыхароў навакольных дамоў і дзяцей з найбліжэйшага дзіцячага саду - эвакуавалі. У доме «дэпутаткі» прайшоў ператрус, яе апыталі.

«Забралі сістэмны блок кампутара і хацелі забраць тэлефон. Тэлефон я не аддала - ён мне патрэбны», - апавядае Роза Стрэльчанка.

Калінкавіцкая раённая газета са спасылкай на мясцовы РАУС інфармуе, што «21 лютага ад імя жыхаркі вёскі Каплічаў N. у Міністэрства адукацыі Беларусі паступіла электроннае паведамленне аб тым, што ў выпадку, калі ў паселішчы не будзе адкрытая школа, яна падарве будынак разам з сабой».

«Паводле зместу ліста, я «хадзіла дзесьці па лесе і знайшла выбуховае прыстасаванне. І цяпер, калі нашу капліцкую школу не адрамантуюць, я падарву школу і сябе». Мясцовая «брахалаўка» напісала, што паведамленне паступіла 21 лютага, а сапёры і палова калінкавіцкай міліцыі прыехалі 22-га? Як такое можа быць? За дзень тут можна было палову Каплічаў падарваць», - кажа Роза Стрэльчанка.

60 гадоў без капітальнага рамонту

Капліцкая школа складаецца з двух будынкаў - 1959 і 1972 гадоў. 8 верасня 2016 у старой частцы школы адпаў кавалак тынку - праз тыдзень пасля прымання школы да новага навучальнага года.

ШКОЛА У КАПЛІЧАХ
ФОТА - KNEWS.BY

На момант закрыцця ў школе вучыліся дзеці з усіх вёсак Капліцкай ваколіцы - Старых і Новых Навасёлак і Кротава. Мясцовыя школы зачынілі ў 2007-м праз малую колькасць вучняў. Бацькі пагадзіліся на гэта, каб дзеці вучыліся ў адным месцы: у тых вёсках былі толькі пачатковы і базавыя школы, а ў Каплічах - 11 класаў.

«Згодна з экспэртызай Гомельскага ўніверсітэта транспарту, частка школы прызнаная «небяспечна аварыйнай», - апавядае Роза Стрэльчанка. - У гэты час праходзілі выбары ў Палату прадстаўнікоў. Відаць, патрэбная была цішыня - і дзеці вучыліся ў гэтай аварыйнай школе. Як толькі выбары прайшлі - школу замкнулі. У жыцці я чалавек актыўны. Да закрыцця школы была старшынёй бацькоўскага камітэта, мы ўвесь час дапамагалі гэтай школе. Нас сабралі і сказалі, што дзяцей будуць вазіць у школу ў Шэічах, за 14 км ад нас. З Кротава туды - 22 км, і з Старых і Новых Навасёлак - 30 км».

Са слоў Стрэльчанкі, школа мае два аўтобусы - на 21 і на 32 месцы.

«Дзетак у нас - 73. Адзін аўтобус завозіць дзяцей і прыязджае назад. Тры рэйсы раніцай, тры рэйса ўвечары, - працягвае Стрэльчанка. - Уявіце шасцігадовае дзіця, якому трэба стаяць на прыпынку а 7:40, потым ехаць 30 кіламэтраў, сядзець цэлы дзень у школе і вяртацца 30 кіламетраў назад. Першы рэйс назад - а 15:20, а апошні - а 16.50. Дзеці павінны сядзець у групе падоўжанага дня. У школе іх кормяць адзін раз - аб 11-й або 12-й. У групе падоўжанага дня за асобную бацькоўскую плату даюць ёгурт з печывам».

Адразу пасля закрыцця школы Роза з іншымі бацькамі сталі пісаць звароты ў Калінкавіцкі райвыканкам, Гомельскі аблвыканкам, Міністэрства адукацыі і ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай адрамантаваць школу. У жніўні 2017-га, пасля запісу да кіраўніка Гомельскай вобласці Уладзіміра Дворніка, на яе выклікалі санітараў вар’ятні.

Пасля гэтага жанчына пачала атрымліваць пагрозы ў SMS-паведамленнях.

Барацьба за школу прынесла Розы Стрэльчанцы папулярнасць. У 2018-м яна перамагла на выбарах "дэпутатаў" сельсавета.

Пасля выбараў невядомая жанчына спачатку павіншавала яе праз тэлефон, а потым стала пагражаць вар’ятняй.

Стрэльчанка напісала пяць заяў у міліцыю і пракуратуру. У адказе ёй апісалі, што «асоба не высветленая».

У верасні 2018 года "дэпутатка" трапіла на асабовае прыманне да міністра адукацыі Ігара Карпенкі.

«Ён мяне ўважліва выслухаў, сказаў, што згодзен, што ў вёсцы маюць быць жыццёва неабходныя аб'екты. Пісьмова мне адказалі, што калі мясцовыя ўлады прымуць пастанову пра капітальны рамонт будынка школы ў Каплічах, Міністэрства адукацыі прыме «дзейную пастанову». Але Калінкавіцкі райвыканкам і Гомельскі аблвыканкам кажуць, што яны не маюць грошай, і ім прасцей вазіць дзяцей за 30 км. На запыт бацькоў аб кошце падвозу, нам сказалі, што гэта блізу $ 30 тысяч за год. Іх возяць ужо трэці год - за такія грошы спакойна можна было б школу адрамантаваць, каб дзеці не пакутавалі ў гэтых аўтобусах».

Жанчына кажа, што не ўяўляе, хто мог яе падставіць пад абух.

«Я - чалавек ад народа і ў раёне невыгодная. Я чалавек грамадскі і вяду актыўнае жыццё. Як дэпутатка сельсавета я адбараніла ўжо лазню, якую яны хацелі закрыць. А ўлады хацелі, каб я заткнула рот і не замінала ім рабіць іхнія справункі», - дадае Стрэльчанка.

Апошнія навіны