BE RU EN

Уначы ў Менску гарэў сямейны інтэрнат

  • 23.02.2019, 12:22

Сем чалавек у лякарні, сярод іх чатыры дзіцяці.

Уначы ў Менску загарэўся адзін з пакояў сямейнага інтэрната ў завулку Соф'і Кавалеўскай. Пацярпелі 7 чалавек, у тым ліку 4 дзіцяці. Усяго было эвакуявана 223 чалавекі, паведамляе прэс-служба МНС.

Паведамленне пра загаранне блок-пакоя на 2-м паверсе дзевяціпавярховага інтэрната № 1 філіяла ААТ Кіроўчая кампанія холдынгу «Гарызонт» паступіла ратавальнікам у 01.02 23 лютага. Высветлілася, што ў холе блока на 8 пакояў адбылося загаранне маёмасці і мэблі на плошчы 12 кв. метраў.

Як паведамілі Onliner.by відавочцы, агонь быў такой сілы, што плавіліся пластыкавыя прадметы на тры паверхі вышэй. Людзі сцвярджаюць, што пажарная сігналізацыя не спрацавала.

ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА МНС

Супрацоўнікамі МНС супольна з адміністрацыяй з будынка эвакуявана 223 чалавекі, з іх 40 дзяцей. Пажар быў лакалізаваны і ліквідаваны ратавальнікамі.

ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА МНС
ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА МНС

Ужо пасля ліквідацыі пажару самастойна па медыцынскую дапамогу звярнуліся сем чалавек (у тым ліку чацвёра дзяцей), якіх даставілі ў лякарні. Асноўны папярэдні дыягназ – атручэнне прадуктамі гарэння.

Прычына здарэння высвятляецца, разглядаецца версія кароткага замыкання электраправодкі ў холе на 2-м паверсе.

Падобнае здарэнне адбылося ў сталіцы 7 лютага. Тады ноччу, нагадаем, пажар узнік у інтэрнаце Лінгвістычнага ўніверсітэта. Давялося эвакуяваць больш за тысячу чалавек. Тры чалавекі патрапілі ў лякарню. Як апавялі тады tut.by студэнты, «пажарная трывога не спрацавала ўвогуле. На некаторых паверхах студэнты-замежнікі, хлопцы, бегалі і грукалі ў дзверы, каб людзі выходзілі».

Апошнія навіны