BE RU EN

«Не адпаведна чыну бяруць»

  • 22.02.2019, 20:47

Што хаваецца за гучнымі карупцыйнымі справамі?

2019 год распачаўся хваляй карупцыйных спраў. Адбыліся затрыманні генеральных дырэктараў «БелОМА», прыборабудаўнічага заводу «Аптрон», «Віцебскмясамалпраму» ды Менскага заводу шасцерань. Прайшлі масавыя затрыманні ў структурах, звязаных з «Белмытсэрвісам» і Беларускім міжбанкаўскім разліковым цэнтрам.

А перад самым новым годам быў затрыманы намеснік гендырэктара «Беларуськалія». Свежыя ў памяці і нядаўнія затрыманні кіраўнікоў Жодзіна і Пухавіцкага раёну, піша «Белсат».

І гэта пры тым, што ўсюды ідуць, прайшлі ці неўзабаве пачнуцца суды за карупцыю: у дачыненні да чыноўнікаў ад медыцыны, уключна з намеснікам міністра аховы здароўя, прадстаўнікоў «Бабруйскаграмашу» і «ТАіМу», дырэктара менскага Палацу спорту, чарговага начальніка Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму ды іншых.

Па суседстве з Ямайкай

І гэта пры тым, што Аляксандр Лукашэнка актыўна змагаецца з карупцыяй амаль 26 гадоў – з далёкага 1993 года, то бок яшчэ да таго, як стаў прэзідэнтам. Не ўплываюць і яго сталыя папярэджанні чыноўнікам і кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў пра адказнасць за хабар і іншыя злоўжыванні.

У выніку ў свежым сусветным індэксе ўспрыняцця карупцыі ад Transparency International Беларусь дзеліць 70-е месца сярод 180 краін з такімі дзяржавамі, як Ямайка і Саламонавыя астравы.

Сістэмнай барацьбы з карупцыяй у Беларусі няма

Як адзначыла ў каментары Belsat.eu дырэктарка Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA Наталля Рабава, у Беларусі вядзецца не сістэмная барацьба з карупцыяй, а яе імітацыя ў дачыненні «тых людзей, якія пэўным чынам не дагадзілі, патрапілі ў няміласць ці з’яўляюцца разменнай манетай у нейкіх апаратных гульнях».

На яе думку, рост колькасці судоў і затрыманняў за карупцыю кажа толькі пра тое, што ўсё гэта стала больш вылазіць на паверхню. Прычыны гэтага экспертка бачыць у скарачэнні фінансаў, калі адбываецца крах мінулай беларускай эканамічнай мадэлі.

«А людзі, якія на месцах прывыклі браць, а частку аддаваць наверх, па-ранейшаму так і робяць. Калі б у нас было саслоўнае жыццё, можна было б сказаць, што не адпаведна чыну бяруць – больш, чым дазваляецца», – мяркуе суразмоўца.

Наталля Рабава не выключае, што такімі затрыманнямі ім нібыта кажуць зменшыць свае апетыты.

«Часы цяжкія, паясы трэба зацягнуць, а хто не разумее – глядзіце. Але гэта толькі адно з магчымых тлумачэнняў. Якая сапраўдная матывацыя да гэтага «фас!» і чаму ўзнікаюць пытанні ў дачыненні менавіта гэтых людзей, а не нейкіх іншых, цяжка меркаваць. Наўрад ці тыя, хто зараз знаходзіцца ў судзе ці пад следствам, – гэта адзіныя людзі, уцягнутыя ў карупцыйныя схемы», – падкрэсліла экспэртка.

З ейных, сістэмнасць барацьбы з карупцыяй забяспечваецца не толькі рэпрэсіўным апаратам, але і стварэннем умоў на дзяржслужбе, якія б рабілі карупцыю немагчымай. Між іншым, неабходна павышаць празрыстасць шляхам правядзення галосных паседжанняў, на якіх прымаюцца рашэнні, навядзення парадку ў дзяржзакупах, павышэння прэстыжу дзяржслужбы.

Ці дапамогуць вайсковыя парадкі павысіць прэстыж дзяржаўнай службы?

Таксама неабходнае прыняцце і нармальнага Этычнага кодэксу, а не статуту, па «якім жыць немагчыма». У кодэксе могуць быць распрацаваныя прынцыпы, а выконваць яго мусяць з самага верху, пачынаючы з узроўню прэзідэнта.

Суразмоўца адзначыла, што на дзяржслужбу мусяць ісці людзі не для таго, каб «харчавацца» з нейкага кавалку працы, а, каб, атрымліваючы годную ўзнагароду і працуючы на цікавым месцы, мець магчымасць выявіць сябе, а не толькі «чуць вокрыкі і атрымліваць аплявухі зверху».

Апошнія навіны