BE RU EN

Дыпламаты: Вялікабрытанія і ЕЗ амаль дамовіліся аб Brexit

  • 21.02.2019, 16:50

У сакавіку ў Брусэлі адбудзецца саміт лідараў Еўразвязу.

Еўрапейскі Звяз і Вялікабрытанія набліжаюцца да асобнай заявы, у якой ЕЗ падкрэсліць часовы характар так званага "бэкстопа" для ірландскай мяжы.

Пра гэта агенцтва Reuters (пераклад - «Еўрапейская праўда») даведалася ад дыпламатаў у Брусэлі.

На наступны дзень пасля перамоў паміж прэм'ер-міністаркай Вялікабрытаніі Тэрэзай Мэй і старшынёй Еўракамісіі Жанам-Клод Юнкер ў Брусэлі дыпламаты распавядаюць аб так званай "паралельнай дэкларацыі" ці "інструменце інтэрпрэтацыі" "бэкстопа".

"Бэкстоп" - гэта гарантыя таго, што пасля Brexit паміж Ірландыяй, якая ўваходзіць у ЕЗ, і Паўночнай Ірландыяй у складзе Брытаніі не ўзнікне жорсткай мяжы. Некаторыя брытанскія дэпутаты асцерагаюцца, што "бэкстоп" можа назаўжды прывязаць краіну да мытнага звязу з ЕЗ.

"Мы таксама разглядаем абнаўленне дэкларацыі аб будучых стасунках паміж ЕЗ і Вялікабрытаніяй пасля Brexit, каб надаць большае значэнне "альтэрнатыўным дамоўленасцям", да якіх імкнецца Брытанія", - сказаў дыпламат ЕЗ, які мае справу з Brexit. "Але да 28 лютага Мэй не зможа атрымаць ніводнай цвёрдай формулы", - дадаў ён.

Іншы дыпламат адзначыў, што брытанскаму парламенту трэба выразна сігналізаваць, што такі варыянт атрымае іх падтрымку ў форме ратыфікацыі пагаднення аб Brexit. "Калі яны гэта зробяць, мы падбяром дакладныя словы на другі тыдзень сакавіка, і гэты варыянт будзе зацверджаны на саміце", - сказаў дыпламат.

У адваротным выпадку саміт лідараў ЕЗ, які павінен адбыцца 21-22 сакавіка ў Брусэлі, павінен будзе ўзгадніць адтэрміноўку Brexit пасля 29 сакавіка, паведамілі крыніцы, каб пазбегнуць найгоршага сцэнару Brexit без пагаднення.

Апошнія навіны