BE RU EN

Як беларусы дапамагаюць самотнаму бацьку вярнуць дзяцей, адабраных дзяржавай

  • 21.02.2019, 9:06

Адгукнуліся дзясяткі чалавек.

Пасля сюжэту на «Белсаце» аб трагедыі на Гарадзеншчыне, калі жанчына скончыла жыццё самагубствам пасля таго, як сацыяльныя службы забралі дзяцей, гледачы «Белсату» захацелі дапамагчы сям'і.

Сачыла і брала ўдзел у гэтым і Вольга Чайчыц.

«Белсат» рабіў сюжэт аб гэтай трагедыі. У вёсцы Вайкунцах Воранаўскага раёна чатырох дзяцей забралі ў прытулак за антысанітарыю, а вечарам іх маці знайшлі ў пятлі. Пасля выхаду сюжэту гледачы сталі пытацца, як яны могуць дапамагчы. Андрэй Козел, журналіст «Белсата»:

«Іх набралася досыць вялікая колькасць, і я падумаў, чаму б не паспрабаваць арганізаваць гэтых усіх людзей. Узяў на сябе саму арганізацыю збору дапамогі, арганізацыю дастаўкі да Воранава».

Інфармацыю пра збор размясцілі ў сацыяльных сетках. Людзі пачалі пералічваць грошы на рахунак бацькі. Адгукнуліся амаль 50 чалавек, якія перадавалі рэчы ці дапамагалі збіраць гэтыя рэчы ў менскіх кватэрах.

«Сітуацыя сумная, таму людзі павінны прыходзіць адзін аднаму на дапамогу», - кажа валанцёр Уладзімір Куклін.

«Я спадзяюся, што ў гэтай сітуацыі будуць разбірацца праваахоўныя органы. Таму што калі маці 4-х дзяцей вызначае, што яна ўжо нічога не выправіць, гэта знак перш за ўсё органам улады, што ў іх дзеяннях ёсць нейкая памылка», - кажа валанцёр Сергій Мельянец.

Сям'ю прымушалі пераехаць у новую кватэру ў Воранава, якую ў снежні ім выдалі як шматдзетнай. Цяпер абяцаюць, што дзяцей аддадуць, калі бацька ўладкуе кватэру, знойдзе новую працу ў Воранаве. Большасць таго, што было патрэбнае для кватэры, ужо сабралі. Людзі ахвяравалі посуд, цацкі, тэкстыль, адзенне, шмат мэблі. Мы тры дні збіралі гэта ўсё па Менску і ўсіх не паспелі аб'ехаць. А яшчэ было шмат ахвотных у іншых гарадах.

Мясцовыя жыхары не разумеюць, навошта было прымушаць пераязджаць сям'ю ў горад. Андрэй нарадзіўся ў вёсцы, усё жыццё працаваў на ферме, трымаў вялікую гаспадарку, дзякуючы якой сям'я кармілася:

«Што, пракорміць ён за 4 мільёны гэтых дзяцей? Смех, ён іх не пракорміць ніяк. А так, вядома, у яго ў вёсцы і гаспадарка была, усё было. А так прымусілі. Іх вось сюды б засяліць, якія прымушалі. Паглядзелі б тады».

Знаёмыя Андрэя, якія прыйшлі дапамагчы разгрузіць мэблю, кажуць, што будуць і далей дапамагаць сям'і.

«Дзеткі маленькія, бедны, знерваваўся...яшчэ забралі... Жонка тым больш скончыла... Яму трэба цярпець зараз, каб настрой быў добры, нечым неяк будзем дапамагаць», - кажуць мясцовыя жыхары.

І мясцовыя жыхары, і сваякі перадавалі падзяку ўсім тым людзям, якія адгукнуліся. Валянціна Накладовіч, сястра Андрэя:

«Я хачу падзякаваць людзям, якія прыйшлі Андрэю, брату майму, на дапамогу. Вялікі дзякуй, нізкі паклон ім. І людзям, якія сёння прыйшлі дапамагчы, жанчынам, якія дапамагалі брату. Вялікі дзякуй».

Муж памерлай Таццяны Андрэй Бовшыс кажа:

«Я хацеў бы падзякаваць тым людзям, якія адгукнуліся ў такой сітуацыі, што мне дапамаглі. Далей тут усё абстаўлю ў кватэры, знайду працу і буду забіраць дзяцей сюды, пераводзіць у Воранаўскага школу. Буду працаваць, дзеля дзяцей, больш у мяне дарагога нічога няма».

«Белсат» прадоўжыць сачыць за лёсам сям'і.

Апошнія навіны