BE RU EN

Стала вядома, якім будзе надвор'е да канца тыдня

  • 20.02.2019, 17:42

Прагноз надвор'я на найбліжэйшыя некалькі дзён.

21 лютага надвор'е ў Беларусі ў асноўным будзе вызначаць няўстойлівая паветраная маса, якая паступае са Скандынавіі, удзень на паўднёвым захадзе рэспублікі адаб'ецца ўплыў атмасфернага фронту. Чакаецца воблачна з прасвятленнямі, паведамляе Гідрамет.

У паўночна-ўсходняй палове краіны, а ўдзень і ў паўднёва-заходніх раёнах Берасцейскай вобласці пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі, у асноўным снег. На асобных адцінках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ўначы -1..-6°С, максімальная ўдзень -4..+1°С, на паўднёвым захадзе ўначы 0..+1°С, максімальная ўдзень +2..+4°С. Атмасферны ціск будзе расці.

У наступныя 2 дні надвор'е ў краіне будзе вызначаць у асноўным халодны скандынаўскі антыцыклон, які перамяшчаецца праз Балтыйскае мора на тэрыторыю Польшчы, таму ў Беларусі пахаладае.

22 лютага пераважна без ападкаў, толькі ўначы ў асобных раёнах на паўднёвым захадзе рэспублікі кароткачасовы снег. На асобных адрэзках дарог галалёдзіца. Вецер паўночны парывісты, на ўсходзе краіны месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы -3..-10°С, месцамі -11..-13°С, удзень -6..+1°С.

23 лютага пераважна без ападкаў. На асобных адцінках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, заходні сярэдні, удзень на поўначы парывісты. Тэмпература паветра ўначы -5..-12°С, на ўсходзе месцамі -13..-15°С; удзень ад -5°С на ўсходзе да +2°С на паўднёвым захадзе рэспублікі.

Апошнія навіны