Напад з нажом у Стоўбцах: што вядома на сёння
- 20.02.2019, 9:46
Усе факты аб падвойным забойстве ў Стаўбцоўскай школе №2.
Раніцай 11 лютага спакойнае жыццё Стоўбцаў узрушыла трагедыя: вучань 10-га класа сярэдняй школы №2 напаў з нажом на настаўніцу і аднакласнікаў. Два чалавекі ад атрыманых траўмаў памерлі, яшчэ двое знаходзяцца ў лякарні. Стан двух параненых падлеткаў да раніцы 12 лютага палепшыўся - са стабільна цяжкага да сярэдняй ступені цяжкасці. Але яны па ранейшаму яшчэ ў рэанімацыі, піша vkurier.by.
"Я хацеў выратаваць настаўніцу, ну і клас. Амаль усіх абараніў, акрамя настаўніцы", - кажа пацярпелы Уладзіслаў Цвірка.
Пахаванне настаўніцы сярэдняй школы № 2 Марыны Пархімовіч і вучня 11-га класа Аляксандра прайшло 13 лютага ў Стоўбцах.
Развітацца з Марынай Пархімовіч да яе дома прыйшлі некалькі сотняў чалавек. Дарога, па якой ішла працэсія з труной, была перацятая міліцыяй. Труну настаўніцы выносілі пад звон школьнага званочка.
Што вядома пра забітую настаўніцу
Апошнія 28 гадоў Марына працавала настаўніцай гісторыі і французскай мовы ў Стоўбцах. 10 гадоў таму была класнай кіраўніцай кадэцкага класа, рыхтавала будучых міліцыянтаў. Усе ейныя вучні паспяхова паступілі ў Акадэмію МУС, скончылі навучанне і вярнуліся працаваць у Стоўбцы. Вучні ішлі да яе натоўпам. Нядаўна быў вечар сустрэчы выпускнікоў, Марына такая задаволеная пайшла сустракацца з дзецьмі – успамінае ейная сястра Раіса Міхайлаўна.
Са слоў Раісы Міхайлаўны, настаўніца загінула падчас урока, які не павінна была весці:
Адна жанчына захварэла і папрасіла Марыну выйсці замест яе. Гэта быў не ейны ўрок.
"Я ніколі не бачыла, каб яна не ўсміхалася. Прыгожая жанчына. Яна была настолькі адкрытая. Я ўяўляю, як дзецям было добра з ёй. Яна не глядзела, што ёсць адна школа, іншая, што нейкая канкурэнцыя паміж імі. Для яе галоўнымі былі дзеці. Яна аддавала ім усё. А цяпер, атрымліваецца і жыццё" – успамінае Марыну Пархімовіч ейная калега Людміла Назаранка.
Што вядома пра забітага вучня
На пахаванні аднакласнікі забітага казалі пра тое, што Саша вельмі любіў беларускую мову і размаўляў на ёй заўсёды.
Гэта гора прыйшло ва ўсю нашу краіну. Ты вельмі любіў родную мову, вывучаў гісторыю сваёй краіны – сказала на магіле Аляксандра ягоная класная кіраўніца Алёна Красніцкая.
Дырэктарка школы Аксана Лось успомніла аб тым, што Саша вельмі любіў вучыцца і граць на гітары:
"У яго быў такі іскрысты погляд. Здарылася жудасная трагедыя, якая падзяліла ўсё нашае жыццё.
Вельмі добры і цікавы быў чалавек. Вучыўся выдатна, сябраваў таксама. Саша хацеў стаць журналістам, рыхтаваўся паступаць, але не ў Беларусі– а ў Польшчы, - успамінае сябар забітага - Мікіта".
Што вядома пра абвінавачанага ў падвойным забойстве Вадзіма М.
"Бацькі нічога незвычайнага за сынам не заўважалі”, - піша “Радыё Свабода".
"Вадзім заўсёды быў дамаседам, рэдка кудысьці хадзіў пасля школы. Апошнія выходныя перад трагедыяй таксама прабавіў дома. У школе на яго паводзіны таксама ніхто не скардзіўся", - кажа пра сына маці абвінавачанага.
"Пасля школы Вадзім збіраўся вучыцца на адваката. На наступны год бацькі планавалі наймаць рэпетытараў, каб сын паступіў на юрыдычны факультэт.
Ён казаў, што хоча абараняць людзей. А на пракурора не хацеў, хацеў вызваляць людзей, а не саджаць", - распавядае маці Вадзіма.
Што вядома пра сям'ю абвінавачанага Вадзіма М.
Галіна Іосіфаўна, суседка, распавяла, што ведае бацьку хлопчыка, Віталя. Ён працаваў пад кіраўніцтвам сына:
"Яны шосты або сёмы год тут жывуць. Купілі стары закінуты дом. Бацька там усё рабіў. Ён працуе кіроўцам на трактары ў камунгасе, а маці - прыбіральшчыцай у водаканале. Яны з нічога гэты дом ляпілі, зрабілі вось сабе прыбудову. Там пакуль у іх газу няма, яны дровамі паляць. Але пры гэтым чысценька і парадак у доме. Вунь сусед сведкам хадзіў да іх, дык распавядаў, што там проста ідэальная чысціня, кніжкі стаяць, усё ўпарадкавана…»
Сям'ю Вадзіма ў школе ведалі як добрую і прыстойную. Аднакласнікі і знаёмыя сцвярджаюць, што ён быў ціхім і спакойным, быў прыкладам у матэматыцы.
"Вадзім не біўся, не хуліганіў. Усё было нармальна. Бацька яго – нармальны мужчына, камунікатыўны, маці таксама прыемная жанчына”, — сцвярджаюць суседзі.
"Там звычайная сям'я, ні п’янак, ні гулянак не было. Улетку старэйшы сын падпрацоўваў на трактары з татам, дом абкладваў блокамі. То бок нармальныя і адэкватныя людзі, усё як звычайна. Жывуць, як і ўсе мы жывем, працавалі за свае грошы, будавалі ўсімі сіламі дом... я раніцай прачнулася і бачу міліцыю каля дома ў суседзяў, а потым мне пачалі тэлефанаваць, дык я перапалохалася. Ведаючы гэтае дзіцяці, бачачы, што ён ходзіць у школу, вядома, я ў шоку. Нават не ведаю, як бацькам гэтым жыць, як школе і наогул... для нашага гарадка гэта вялікае надзвычайнае здарэнне, - тлумачыць суседка сям'і".
Рэакцыя міліцыі на тое, што здарылася
Міліцыя прыехала на месца здарэння імгненна. Але нападніку ўдалося схавацца. Спачатку ён паспрабаваў уцячы праз чорны ход. Але ён быў замкнуты, школьнік выскачыў у акно.
Праз дзвег адзіны падлетка затрымалі супрацоўнікі міліцыі і АМАПу ў пад'ездзе жылога дома з меркаванай прыладай злачынства — нажом.
У Стаўбцоўскую цэнтральную раённую лякарню пацярпелыя школьнікі паступілі паміж 8 і 9 раніцы. Падлеткаў прааперавалі, пасля чаго яны засталіся ў рэанімацыі.
Заняткі ў школе ў дзень забойства былі скасаваныя. Настаўнікі прасілі бацькоў забраць дзяцей. З будынка школы іх выпускалі па чарзе, а ля ўваходу школы дзяжурыла міліцыя.
Абвінавачаны ў падвойным забойстве Вадзім распавёў свайму адвакату і бацьку, што затрымлівалі яго жорстка:
Завялі ў мікрааўтобус, паклалі на падлогу, сталі нагамі на спіну і пачалі заломваць рукі.
Рэакцыя школы на забойства
На наступны дзень пасля забойства школа №2 працавала ў звычайным рэжыме. З класа, у якім вучыцца нападнік Вадзім, прыйшла толькі палова вучняў. Астатніх бацькі пабаяліся адпускаць у школу.
Рэакцыя Лукашэнкі
12 лютага Лукашэнка, прызначаючы сваіх памочнікаў і кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, пракаментаваў інцыдэнт у Стаўбцоўскай школе:
"Я дзень аналізую сітуацыю і ўсякага кшталту размовы на гэтую тэму: хто вінаваты. Усе мы вінаватыя, і рэч не толькі і не столькі ў інтэрнэце. У нас у школах бязладдзе, поўны хаос. Ніколі такога не было, ні за савецкім часам, ні ў пераломны перыяд".
Лукашэнка заявіў, што трэба “на ўсю катушку" спытаць перш за ўсё са старшыні райвыканкама і з міністра адукацыі. Аднак замест візіту да месца трагедыі паляцеў на перамовы з Пуціным у Сочы.
Рэакцыя міністэрства адукацыі
Міністэрства адукацыі паабяцала зрабіць больш жорсткімі захады бяспекі і дысцыпліны ва ўсіх установах, прапрацаваць сістэму прапускнога рэжыму ў школах, узмацніць працу школьных псіхолагаў і нават прааналізаваць сацыяльныя сеткі, якія наведваюць падлеткі.
Як працуе Следчы камітэт
Стала вядома, што затрыманы школьнік адмаўляецца даваць сведчанні. Следчы камітэт плануе дапытаць сваякоў затрыманага і школьніка, якому, паводле папярэдніх звестак, падлетак таксама спрабаваў нанесці ўдары нажом.
У той жа дзень у доме нападніка падлетка пачалі працаваць следчыя.
Паведамляецца, што ў заплечніку ў затрыманага падлетка быў знойдзены малаток, а пры асабістым ператрусе выяўленыя дымавыя шашкі і петарды.
Следчыя аднавілі храналогію падзей у школе праз запісы з камер назірання і сведчанні сведак. Таксама пачалі аналізаваць "актыўнасць" падазраванага падлетка ў сацсетках і сайты, якія ён наведваў.
Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь паведамляе, што ў рамках расследавання працягваюцца допыты сведак, у тым ліку медыцынскіх работнікаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Следчымі вывучаюцца матэрыялы, якія характарызуюць асобу падазраванага.
Згодна з вынікамі медыцынскага агляду, падазраваны не знаходзіўся ні ў стане алкагольнага ап'янення, ні пад уздзеяннем наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.
Дадаткова ў дачыненні да дзесяцікласніка распачатая крымінальная справа аб замаху на забойства падлеткаў, якія цяпер знаходзяцца на лячэнні, і іншых асоб паводле ч.1 арт. 14 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
"Радыё Свабода" са спасылкай на свае крыніцы піша, што падазраваны ў падвойным забойстве і спробе забойства ў школе №2 у Стоўбцах Вадзім М. пачаў даваць сведчанні.
Аднак у Следчым камітэце паведамляюць асцярожна:
Расследаванне працягваецца, следчыя высвятляюць усе акалічнасці. Праводзяцца планавыя следчыя дзеянні. Іншая інфармацыя ў інтарэсах следства найбліжэйшым часам паведамляцца не будзе.
Чаму хлопчык гэта зрабіў?
Меркаванне настаўнікаў:
"Бацькі не звяртаюць увагі на сваіх дзяцей, выхоўваюць паводле прынцыпу "абы было ціха". Трэба імкнуцца трымаць пад кантролем не толькі фізічны стан дзіцяці, але і маральны. Сачыць за тым, чым ён заняты, з кім і дзе бавіць час.
Усе ведаюць, што "рыба гніе з галавы" і можна шукаць вінаватых у міністэрствах і школах. Але зразумела адно, што праца не арганізаваная. Альбо арганізавана няправільна", - мяркуе настаўніца віцебскай школы Інга.
Юлія, настаўніца, працуе ў школе 5 гадоў упэўненая, што статус настаўніка страчаны, а бацькі вельмі мала займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей:
"Тут віна не толькі інтэрнэту. Перш за ўсё, вядома, бацькам трэба надаваць асаблівую ўвагу выхаванню дзіцяці. Настаўнік павінен даваць багаж ведаў, найперш, а выхаванне - гэта непасрэдны абавязак законных прадстаўнікоў навучэнцаў. Цяпер на школу ўсклалі столькі ўсяго, што статус настаўніка страчваецца з кожным днём. Бацькі дазваляюць сабе негатыўна выказвацца пры дзіцяці пра настаўніка. Пра якую тут павагу тады можа ісці гаворка? Спытаць заўсёды знойдуць з каго. На жаль, гэтага не пазбегнуць".
Меркаванне менскіх школьнікаў:
“Я думаю, што вінаватыя людзі, якія яго атачаюць. Бацькі, аднакласнікі і той жа самы настаўнік. Усе вінавацяць інтэрнэт, а я не ведаю чаму. Хтосьці давёў яго да такога стану, што ён надумаў забіць нажом, гледзячы ў твар настаўніцы”, - мяркуе Аліса, 13 гадоў.
“Звычайна такія паводзіны звязаныя з тым, што ў дзяцінстве чалавек атрымаў псіхалагічную траўму. Адбылося нешта такое, што значна ўсё пагоршыла. Інтэрнэт можа быць вінаваты толькі ў тым выпадку, калі чалавека не навучылі ім карыстацца”, - каментуе трагедыю Ян, 13 гадоў.
Як паведаміла ў суботнім нумары Стаўбцоўскім раёне газета “Прамень”, следчыя разглядаюць розныя версіі забойства: ад канфліктнай сітуацыі да псіхалагічнага ўздзеяння на падлетка, у тым ліку праз інтэрнэт, рэлігійную секту.