BE RU EN

Дзяржава павінна турбавацца, як стварыць рэальныя працоўныя месцы

  • 19.02.2019, 9:15

Дэкрэт аб «дармаедах» парушае Канстытуцыю і міжнародныя абавязанні Беларусі.

Пенсіянеру з Віцебска прыйшоў «ліст шчасця» ад «дармаедскай камісіі», дзе яму паведамілі аб тым, што ў яго кватэры зарэгістраваны не заняты ў эканоміцы. Пенсіянеру ківаюць на падвышэнне камуналкі, хоць паводле закону 100%-ю аплату павінны налічваць толькі ўласніку жылля.

Наколькі законныя дзеянні Камісіі? На пытанні Charter97.org адказвае старшыня юрыдычнай камісіі РП ГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» (БХК) Гары Паганяйла:

- Я хачу пракаментаваць гэта наступным чынам. Адразу скажу, што гэта асабіста маё стаўленне і мая кваліфікацыя гэтага дэкрэта. Я мяркую, што наогул увесь змест гэтага дэкрэта мае антыканстытуцыйны характар.

Ён ніякім чынам не змяніў сітуацыю што да першапачатковага дэкрэта ад 2 красавіка 2015 года. Адзінае, што замест збору ў выглядзе 20 базавых адзінак цяпер «дармаедам» паставілі падвышаную аплату тарыфаў ЖКГ да іх «поўнага кананічнага абгрунтавання». Але тут, як гаворыцца – як там не смятана, так тут не сыроватка.

- А якія менавіта канстытуцыйныя прынцыпы і беларускія законы парушае гэты дэкрэт?

- Па-першае, незаконны сам падзел на «ўдзельнікаў у эканоміцы» і «не ўдзельнікаў у эканоміцы». Такіх прававых дэфініцый у нашым заканадаўстве да выдання гэтых дэкрэтаў не было наогул.

Іх цяжка знайсці і ў іншых краінах. Так, умоўна кажучы, можна падзяліць насельніцтва на фармальныя групы для нейкіх эканамічных ці сацыялагічных даследаванняў, прыцягнуць для гэтага статыстыку, каб правесці выключна тэарэтычны аналіз, хто ўдзельнічае ў эканоміцы, а хто – не.

Але мэта дэкрэтаў - далёка не даследчая. Іх мэта – прымусіць «няўдзельнікаў у эканоміцы» у той ці іншай форме ўдзельнічаць. Гэта пазіцыя дзяржавы - прымусіць - і з'яўляецца неканстытуцыйнай. Яна не заснаваная ні на беларускіх законах, ні на нашай Канстытуцыі, ні на традыцыях, ні на міжнародных нормах нармальнай, прававой, дэмакратычнай дзяржавы.

Трэці момант: а чаму, уласна, дзяржава так устурбавалася тым, што хтосьці ў кагосьці знаходзіцца на ўтрыманні? Пытанне ўтрыманства – гэта асабістае пытанне грамадзян. Хтосьці хоча ўтрымліваць сваё паўналетняе дзіцяці, карміць паіць і адзяваць яго, а хтосьці кажа: давай ужо самастойна зарабляй сабе на жыццё.

Гэта ўнутраная справа сем'яў, дзе ўсё гэта адбываецца. Прычым сярод тых, хто трапіў у «дармаеды», ёсць і такія катэгорыі грамадзян, хто афіцыйна, паводле закона, вядзе грамадска карысную дзейнасць. Напрыклад, бацькі, якія даглядаюць сваіх дзецей старэйшых за сем гадоў. А паводле дэкрэту атрымліваецца, што калі дзіцяці больш за сем гадоў і ты не выйшаў на працу – то ты ўжо «дармаед».

Чаму? Калі жанчына хоча выхоўваць сваіх дзяцей, а яе муж зарабляе дастаткова, каб утрымліваць усю сям'ю, дзяржава не мае права ўмешвацца ў гэтую сітуацыю і казаць: жанчына павінна працаўладкавацца і выйсці на працу. А ў нас такія жанчыны атрымліваюць «лісты шчасця» з запрашэннем на пасяджэнні камісіі аб «дармаедах» у райвыканкаме.

Дзяржава не гэтым павінна быць устурбаваная, а тым, як стварыць рэальныя працоўныя месцы, якія забяспечваюць дастатковы заробак, праводзіць эканамічныя рэформы для паляпшэння сітуацыі ў краіне. А не займацца такога кшталту «адміністраваннем» з прымусовымі, санкцыйнымі падыходамі ў дачыненні да грамадзян.

Акрамя таго, такія дзеянні дзяржавы, фактычна, з'яўляюцца адной з формаў прымусовай працы, што забаронена Канстытуцыяй, дзейнымі законамі і міжнароднымі абавязаннямі Беларусі, у тым ліку падпісанымі нашай краінай канвенцыямі МАП.

Нарэшце, ёсць яшчэ адзін аспект, які з'яўляецца «слабым месцам» Дэкрэта аб «дармаедах». Гэта - дыскрымінацыя. На гэта дзяржава не звяртае ўвагі, а паміж тым яна дыскрымінуе асобныя катэгорыі грамадзян, частка з якіх з'яўляецца сацыяльна ўразлівымі: гэта і жанчыны, якія займаюцца дзецьмі, і людзі, занятыя апекай над старымі. Яны не занятыя працай паводле найму, але выконваюць пэўныя функцыі, якія і законныя, і ўхваляюцца дзяржавай і грамадствам.

Асобна хачу сказаць аб такім парушэнні законаў і правоў грамадзян, як наяўнасць базы асабістых звестак «дармаедаў». Гэтая база наогул не гарантуе захаванасць і бяспеку ў ёй персанальных звестак. Доступ да іх маюць тысячы службовых асоб, і ніхто з іх не нясе адказнасці за выцек гэтай асабістай інфармацыі. Чыноўнікі рассылаюць у адкрытую лісты шчасця, не клапоцячыся аб захаванасці персанальных звестак грамадзян.

Усяго гэтага мне, як юрысту, дастаткова, каб асудзіць дэкрэт аб «дармаедах» як незаконны. І я асабіста раю грамадзянам: байкатаваць дэкрэт, не хадзіць на гэтыя «засядалаўкі», не плаціць нічога, а аспрэчваць дзеянні дзяржавы ва ўстаноўленым парадку.

- Ці можна на ўзроўні міжнародных інстанцый давесці незаконнасць дэкрэта - з усімі магчымымі для беларускіх уладаў наступствамі?

- З гэтым ёсць пэўныя праблемы, але ёсць і шляхі развязання гэтых праблем.

Калі, напрыклад, дзеяннем дэкрэта ўстурбаваныя незалежныя прафзвязы, то яны могуць даць інфармацыю ў структуры МАП і проста паставіць пытанне: ці выконвае Беларусь узятыя на сябе абавязанні для папярэджання і невыкарыстання прымусовай працы?

Акрамя таго, ёсць міжнародныя механізмы для развязання пытанняў роўнасці і дыскрымінацыі, у тым ліку ў дачыненні да жанчын. Мы ў БХК цяпер гэтым акурат займаемся ў сувязі з дэкрэтам №1 і хочам паставіць пытанне перад міжнароднымі структурамі.

Ёсць яшчэ і такі прававы механізм, як Венецыянская камісія (Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права). Калі палітычная рада ПАРЕ ці нейкай еўрапейскай структуры звернецца ў Венецыянскую камісію для таго, каб яна дала ацэнку аб канстытуцыйнасці дэкрэта №1 у святле ўзятых на сябе Беларуссю абавязанняў, то яна, згодна са сваёй працэдурай, павінна будзе разгледзець гэтае пытанне.

Але для гэтага трэба, каб апазіцыйныя партыі, рухі, праваабаронцы звярнуліся і пераканалі еўрапейскія структуры пачаць працэдуру ініцыявання гэтага пытання перад Венецыянскай камісіяй.

Шанцы на барацьбу з дэкрэтам «аб дармаедах» павялічваюць і такія ягоныя «ўразлівыя месцы», як масавасць гэтага незаконнага акту. Падумайце самі: ужо цяпер ён закранае 500 тысяч нашых грамадзян!

І хутчэй за ўсё, яго дзеянне будзе пашыранае: як паводле колькасці грамадзян, якія трапляюць пад яго дзеянне, так і паводле аб'ёму тых абавязанняў, якія будуць на іх ускладзены.

Калі сёння гаворка ідзе аб аплаце паслуг ЖКГ, то заўтра гэта можа быць і аплата медыцынскіх паслуг, і платная адукацыя пасля 9-ці класаў базавай (якая гарантавана дзяржавай). Для дзяцей «дармаедаў» цалкам могуць увесці плату за навучанне пасля 9-га класа - спіс платных паслуг ад дзяржавы ў дэкрэце №1 не закончаны, кропка не пастаўленая, і ўлады могуць развіваць іх у розных кірунках.

Але ёсць вельмі шмат аспектаў, якія звязаны з тым, што мы можам змагацца за канстытуцыйнасць парадку ў нашай краіне і паўплываць на дзяржаву, каб яна скасавала дэкрэт аб «дармаедах» і не смяшыла ўсю планету.

Апошнія навіны