BE RU EN

Як будуць выглядаць станцыі менскага метро, якія яшчэ не пачалі будаваць

  • 16.02.2019, 19:57

Яны будуць называцца «Аэрадромная» і «Слуцкі гасцінец».

Пакуль у Менску яшчэ будуюць першыя чатыры станцыі трэцяй лініі метро, «Менскметрапраект» паказаў, як будуць выглядаць наступныя - «Аэрадромная» і «Слуцкі гасцінец», піша tut.by.

Цяпер у Менску будуюцца чатыры станцыі трэцяй лініі метро, яны ўваходзяць у першы пускавы комплекс - гэта «Юбілейная плошча», «Плошча Францішка Багушэвіча», «Вакзальная», «Кавальская Слабада». За імі, на поўдзень, ідуць «Аэрадромная», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасцінец».

«АЭРАДРОМНАЯ». ЭСКІЗ СТАНЦЫЙ ПАДАДЗЕНЫ ААТ «МЕНСКМЕТРАПРАЕКТ» АГЕНЦТВУ «МИНСК-НОВОСТИ»

Гэтыя станцыі пакуль ёсць толькі ў праекце, яны ўваходзяць у другі пускавы комплекс будаўніцтва трэцяй лініі метро. Галоўны інжынер праекта ААТ «Менскметрапраект» Віктар Грашчанка распавёў, што цяпер на гэтым участку ідзе інжынерная падрыхтоўка тэрыторыі для забеспячэння бяспекі працы тунэлепраходчага комплексу.

- Паводле графіку толькі перанос інжынерных камунікацый, якіх тут вялікая колькасць, зойме больш за 2 гады.

Электрадэпо для абслугоўвання ўсёй трэцяй лініі менскага метро будзе пабудаванае ў раёне вуліц Лейтэнанта Кіжаватава і Сярова - за станцыяй «Слуцкі гасцінец».

«Слуцкі гасцінец». Эскіз СТАНЦЫЙ пададзены ААТ «Менскметрапраект» агенцтву «МИНСК-НОВОСТИ»

- Ужо выканана праходка тунэляў закрытым спосабам немеханізаваным тунэлепраходным шчытом на перагоне ад станцыі «Кавальская Слабада» да станцыі «Аэрадромная». У лютым 2019 года авіярамонтны завод павінен перадаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва «Аэрадромнай» (Станцыя запланаваная на тэрыторыі былога аэрапорта Менск-1. – Заўвага). Пакуль гэты ўчастак не перададзены, вывад шчыта пасля праходкі немагчымы. Для яго дэмантажу неабходна распрацаваць катлаван глыбінёй 13 метраў, што зойме некалькі месяцаў, бо яго трэба замацаваць, уладкаваць, і толькі пасля гэтага дэмантаваць тунэлепраходны шчыт, - распавядае Грашчанка.

У першым квартале пачнецца будаўніцтва мантажна-шчытавой камеры для зборкі механізаванага тунэлепраходнага комплексу. Так пракладуць самы доўгі тунэль Менскага метрапалітэна працягласцю блізу 2 км - ад «Аэрадромнай» да «Немаршанскага саду».

Тры станцыі другога пускавога комплексу па глыбіні не моцна адрозніваюцца адна ад аднае - блізу 15 метраў. На «Аэрадромнай» усталююць эскалатары.

Апошнія навіны