BE RU EN

У Берасці затрымалі праваабаронцу Вялічкіна і актывіста Казака

  • 16.02.2019, 18:36

Супраць берасцейцаў пачалі адміністрацыйны працэс.

Праваабаронца «Вясны» Уладзімір Вялічкін і актывіст Віталь Казак былі сёння выкліканыя ў Ленінскі РАУС і з пастарунку ўжо не паказаліся. Супраць берасцейцаў пачалі адміністрацыйны працэс за правядзенне «несанкцыянаванага масавага мерапрыемства», абодва затрыманыя да суду, паведамляе «Белсат».

Праз паўтары гадзіны знаходжання ў міліцыі Вялічкін быў затрыманы і адпраўлены ў берасцейскае ІЧУ, у панядзелак яго будуць судзіць.

Віталь Казак аказаўся ў ІЧУ праз тры гадзіны пасля таго як з’явіўся ў міліцыі.

«Мяне няма за што затрымліваць, але ў міліцыі ўжо паабяцалі мне, што да панядзелка я застануся тут. Мушу пакласці слухаўку, гэта патрабуе супрацоўнік міліцыі», – адзінае, што паспеў сказаць Belsat.eu Віталь Казак.

Вядома, што адміністрацыйны працэс супраць Казака вядзе Зміцер Селяйковіч з РАУС Ленінскага раёну Берасця, сумна вядомы рэпрэсіямі супраць актывістаў і журналістаў.

Нагадаем, у мінулую нядзелю, 10 лютага, пасля традыцыйнага кармлення галубоў на цэнтральнай плошчы гораду берасцейцы моўчкі прайшлі па пешаходнай вуліцы Савецкай да кінатэатру «Беларусь» – такім чынам яны пратэставалі супраць запуску акумулятарнага заводу.

Каля кінатэатру на іх просьбу ўключылі кавер на песню «Жыць». У арганізацыі гэтага шэсця і абвінавацілі Вялічкіна ды Казака.

«Гэта чарговы ціск на праціўнікаў акумулятарнага заводу з боку ўлады. Што тычацца Уладзіміра Вялічкіна, то ён назіраў за ходам акцыі і не мог браць у ёй удзел. Гэта грубае парушэнне закону», – сказаў Belsat.eu праваабаронца Раман Кісляк.

Апошнія навіны